За сваю гісторыю літаратурнае аб’яднанне “Суквецце” згуртавала разам не адзін дзесятак майстроў слова.
Гісторыя аб’яднання
Літаратурнае аб’яднанне “Суквецце” бярэ свой пачатак з 1967 года. У чэрвені 1967г. яго ўзначаліў адказны сакратар газеты “Уперад” Віктар Мікалаевіч Кучынскі. Менавіта гэты факт і з’яўляецца адпраўной датай адліку ў гісторыі літаратурнага аб’яднання пісьменнікаў Лідчыны. Літаратурнае аб’яднанне “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты” па некаторых звестках узнікла раней за 1967 год. Пра гэта сведчаць наяўнасць “Літаратурных старонак” у газеце за 1962-1966 гг. І хутчэй за ўсё, літаратурнае аб’яднанне з’явілася яшчэ да вайны, пры Валянціне Таўлаю. Менавіта ён згуртаваў пры рэдакцыі паэтаў і празаікаў Лідчыны.
Сама ж гісторыя “Лідскай газеты” пачалася з 1939 года. Але перыяд з 1939 па 1967 год лічыцца перадгісторыяй “Суквецця” з-за пэўнай нерэгулярнасці дзейнасці літаб’яднанняў тых гадоў. А вось рэгулярную і бесперапынную дзейнасць літаб’яднанне вядзе ад чэрвеня 1967 года, спачатку без назвы.
У верасні 1972 года кіраўніцтва літаратурным аб’яднаннем было перададзена Уладзіміру Гаўрылавічу Васько, які і даў крыху пазней аб'яднанню назву “Суквецце”.
Пры рэдакцыі ў розныя часы гуртаваліся паэты Станіслаў Суднік, Міхась Мельнік, Алеся Бурак, Пётр Макарэвіч, Віктар Бачароў, Смарагд Сліўко, Ірэна Сліўко, Уладзімір Бурак, Леанід Віннік, Іван Гушчынскі, Святлана Цішук, Галіна Каваленка, Тадэвуш Чарнавус, Іван Саўко, Марыя Масла, Уладзімір Дронаў, Таццяна Сямёнава, Алесь Хітрун, Алена Какорына, браты Валерый і Аляксандр Мацулевічы і іншыя.
З верасня 2004 года па студзень 2012 года абавязкі кіраўніка літаратурнага аб’яднання “Суквецце” выконваў Міхась Іванавіч Мельнік. У той час паседжанні літаратурнага аб’яднання праходзілі ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры ў Лідскім педагагічным каледжы кожную трэцюю сераду месяца. З верасня 2008 года паседжанні сталі праводзіца ў канферэнц-зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы. А з 16 сакавіка 2011 года- у літаратурным аддзеле ЛГММ. Адкрыццё ж літаратурнага аддзела адбылося 22 верасня 2010 года. Сёння гэты будынак вядомы ўсім лідзянам яшчэ як домік Валянціна Таўлая. Падчас кіраўніцтва Міхасём Мельнікам літаратурнае аб’яднанне налічвала каля 100 літаратараў. Гэта былі студэнты, навучэнцы, педагогі, пенсіянеры, рабочыя.
За восем гадоў кіравання М.І.Мельніка былі арганізаваны творчыя сустрэчы з пісьменнікамі-землякамі, членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі: Данутай Бічэль, Уладзімірам Клімовічам, Ірынай Багдановіч, Хрысцінай Лялько, Ганнай Серахан, народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам і многімі іншымі. Прайшлі вечары бардаўскай песні, прэзентацыі зборнікаў паэзіі і прозы лідскіх аўтараў, літаратурныя сустрэчы, прысвечаныя юбілейным датам у жыцці лідскіх майстроў слова. Пісьменнікі Лідчыны выступалі ў школах горада і раёна, у каледжах, на прадпрыемствах, у аддзяленні сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у клубе грамадзян пажылога ўзросту “Актыўнае даўгалецце”. З удзелам С. Сліўко, М. Мельніка, В. Пазнуховай, А Хітруна, Л. Вінніка, I. Гушчынскага, В. Бачарова на Лідскім радыё прайшлі літаратурныя перадачы.
Але самае галоўнае тое, што па-ранейшаму лідскія паэты і празаікі друкавалі свае творы ў раённым выданні “Лідская газета”. Адзін раз на месяц выходзіла літаратурная старонка, дзе друкаваліся творы як вядомых мастакоў слова, так і аўтараў-пачаткоўцаў.
З 2011 г. па 2019 г. літаратурным аб’яднаннем кіраваў Алесь Хітрун, зараз кіраўніком аб’яднання з’яўляецца Аляксандр Мацулевіч.
На працягу ўсіх гадоў існавання перад сябрамі літаратурнага аб’яднання “Суквецце” стаіць шэраг задач:
-
павышаць эстэтычны і маральны ўзровень членаў літаратурнага аб’яднання, пашыраць і паглыбляць іх кругагляд;
-
прывіваць маладым прыхільнікам прыгожага пісьменства любоў да мастацкага слова, рускай і беларускай літаратуры, свайго народа, яго мовы і культуры;
-
развіваць у паэтаў-пачаткоўцаў пачуццё прыгожага, эстэтычны густ;
-
выпрацоўваць навыкі правільна і вобразна выказваць свае думкі;
-
развіваць у сяброў літаратурнага аб’яднання творчыя здольнасці, далучаць іх да самастойнай творчай дзейнасці.
Майстры мастацкага слова прысвячаюць свае вершы роднай зямлі, прыродзе, каханню, памятным падзеям у жыцці беларускага народа, знамянальным датам, родным і блізкім людзям і, непасрэдна, роднаму гораду Лідзе. Усё гэта публікуецца на старонках перыядычнага друку, а таксама ў асабістых і калектыўных зборніках.
Жыццё літаратараў Лідчыны пастаянна бруіць. Майстроў паэзіі і прозы запрашаюць на розныя сустрэчы, культурна-масавыя мерапрыемствы. Удзел паэтаў адразу падымае святочны настрой у прысутных, з літаратурным аб’яднаннем супрацоўнічаюць прадстаўнікі рэлігійных канфесій, з задавальненнем запрашаюць майстроў прыгожага пісьменства ў школы, бібліятэкі, музеі.
Літаратары збіраюцца кожную трэцюю сераду месяца ў канферэнц-зале Лидскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы (г. Ліда, вул. Ленінская, 10, 3 паверх).