top of page
виньетка.png
Біяграфія
Францішак
Багушэвіч

  Францішак Бенядзікт Багушэвіч (1840-1900), беларускі паэт, ідэолаг нацыянальнага адраджэння, вызваленчага дэмакратычнага руху, пачынальнік новай беларускай літаратуры.
    Скончыў Віленскую гімназію (1861), паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Але за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях з універсітэта выключаны. Вярнуўся на радзіму, працаваў настаўнікам у вёсцы Доцішкі. Удзельнік паўстання 1863, быў паранены. Ратуючыся ад улад, перабраўся на Украіну. У 1865 паступіў у Нежынскі юрыдычны ліцэй і скончыў яго ў 1868. Працаваў у розных судовых установах, з 1884 – у судовай палаце ў Вільні. У віленскі перыяд найбольш інтэнсіўна разгарнулася яго літаратурная і публіцыстычная дзейнасць. Пад псеўданімамі Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава выдаў свае вершаваныя зборнікі “Дудка беларуская” (1891) і “Смык беларускі” (1894), апавяданне “Тралялёначка” (1892). Творы яго прасякнуты пачуццямі глыбокай любві да роднага краю, вернасці свайму народу і зямлі, на якой нарадзіўся і вырас. Пазіцыя Багушэвіча як выразніка нацыянальна-патрыятычнай свядомасці вызначалася імкненнем даць гістарычнае і канкрэтнае этна-тэрытарыяльнае абгрунтаванне рэальнай суверэннасці і самастойнасці беларускага народа. Абарона каштоўнасцей мінулага, мовы як цэнтра духоўнага існавання народа і яго культуры, у т. л. і фальклору, і сёння ўваходзіць у склад арганічных кампанентаў нацыянальнай свядомасці беларусаў. 
   Калі казаць пра Лідчыну, то ў спіс праславіўшых яе можна аднесці і Ф. Багушэвіча. Цікавыя звесткі пра наш край згадваюцца ў яго лістах да Яна Карловіча, у допісах і нататках у часопісе “Kraj”. Францішак Багушэвіч меў жывую цікавасць да Лідчыны, меў моцную повязь з самой Лідай. Гэтая повязь не перапынялася і пасля смерці: яго ідэі жыватворным зернем упалі на душы многіх лідзянаў. Адной з іх, вядома, была наша паэтка-рэвалюцыянерка Алаіза Пашкевіч (Цётка).

Багушэвіч.jpg
3.png
1.png
2.png
Прапануем вашай уваге ўрывак з паэмы “Кепска будзе!” 

КЕПСКА БУДЗЕ
/урывак/


Так пад вечар ў мейсцы сталі,
У халоднай начавалі, – 
Было позна. Заўтра зрання,
Якраз у дзень Звеставання*,
Клічуць мяне да дапросу
(Задаваць-то ужо чосу!).
Той судзебнік маладзенькі,
Такі быстры, хоць маленькі,
Ўсё пытаецца ды піша
І нагой усё калыша.
Як спытаўся мяне, хто я?
Я і спомніў сабе тое,
Як вучыў там той з астрога:
“Знаць не знаю я нічога!”
І старога тут клікнулі,
Папыталіся, раскулі
І дадому павярнулі.
А мне кажа: “Ты, брадзяжка,
Сакрыў званне, будзе цяжка:
Сорак розаг, потым роты!
Скажы лепей – адкуль, хто ты?”
А ўсё піша, піша, піша
І нагой усё калыша.
Пісаў, пісаў, даў другому
І сам пайшоў кудысь з дому.
Мяне зноў жа да астрогу,
Толькі цяпер, дзякуй Богу,
Адзінокі я застаўся.
Айчым плакаў, як жагнаўся.
“Помні, – кажа, – мяне, сыну,
А я хіба што сам згіну,
А цябе вярну да вёскі,
Хіба б ужо гнеў быў Боскі
Або б Праўда гдзесьці змёрла!
Вырву цябе ім із горла:
Бог паможа, проці сілы
Праўда выйдзе, як з магілы!”
Сказаў гэта, пакланіўся
Ды ізноў слязьмі заліўся.
І мне стала ў вачах цьмяна,
Зашчымела ў сэрцы рана,
Як бы штосьці адарвала,
Сам не знаю, што мне стала?
Калі гляну, ачунеўшы, –
Я ў шпіталі, захварэўшы...
Галава мая абрыта,
Твар вадой ці чым абліты,
А піць хочацца... здаецца,
Рэчку б выпіў, каб пры рэчцэ!
Так я праляжаў тры тыдні,
Прадаў усе свае злыдні;
Надта есці стаў памногу
І паправіўсь, дзякуй Богу!
Я ж тут ляжу, і ні рэчы,
Што там стары гаспадара.
А ён торбу ўзяў на плечы,
Па начальству просьбы жара!
Трэйчы Вільню, сем раз Ліду
Ён адведаў. Трэба ж ведаць, -
Прысягнуў, покі я выйду,
Навет дома не абедаць!
Раздабыў усе паперы,
Запісаў мяне ў сказку...

Асноўныя творы
  1. Багушэвіч, Ф. Выбраныя творы / Францішак Багушэвіч ; [укладанне з тэксталагічнай падрыхтоўкай, прадмова і каментар Я. Янушкевіча]. –  Мінск : Беларуская навука, 2015. – 445 с., [4] л. іл., партр. – (Беларускі кнігазбор).

  2. Багушэвіч, Ф. Творы / Францішак Багушэвіч ; прадм. Я.Янушкевіча. – Мінск : Мастацкая лiтаратура, 2009. – 150 с.

Асноўныя творы
Аб жыцці і творчай дзейнасці
Бібліяграфія
  1. Бацька беларускай нацыі : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі “Трэція Лідскія чытанні”, прысвечанай 175-годдзю з дня нараджэння Францішка Багушэвіча / Дзяржаўная ўстанова культуры “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы”, Аддзел бібліятэчнага маркетынгу; склад. Т.В. Чайко, А.М. Казакова, рэд. і камп. афарм. Д.А. Марцінкевіч.  – Ліда, 2015. – 35 с.

  2. Завадскi, А. Зубраны. Жупраны. Багушэвіч.... : Францішак Багушэвіч і вёска Жупраны ; А. Завадскі // Гродзенская праўда. – 2004. – 13 сакавіка. – C. 13.

  3. Лаўрэш, Л. Л. Распаўсюд вершаў Багушэвіча на Лідчыне пры канцы ХІХ-га ст. / Леанід Лаўрэш // Лідскі Летапісец. – 2015. – № 4. – С. 20-21.

  4. Лаўрэш, Л. Багушэвіч на Лідчыне пры канцы 19-га ст. / Л. Лаўрэш // Наша слова. – 2014. – 4 чэрвеня. – C. 2.

  5. Рагойша, В. Францішак Багушэвіч у інтэр’еры стагоддзя : да 170-годдзя з дня нараджэння і 110-годдзя з дня смерці пісьменніка / Вячаслаў Рагойша // Беларуская думка. – 2010. – № 3. – C. 114-120.

  6. Содаль, У. …Сем раз Ліду ён адведаў : Францішак Багушэвіч / Уладзімір Содаль // Лiдскi Летапiсец. – 2005. – № 3 (31). – C. 9-10.

bottom of page