



Віктар
Бачароў
Бачароў Віктар Мітрафанавіч (08.02.1950, Краснаярск – 03.10.2004, Мінск). Паэт, празаік. Аўтар кніг “Гутарка” (1996), “Пара браць” (1998), “Калі адзвінеў званок” (1998), “Дэмбель непазбежны” (1999), “Вершы з мінулага стагоддзя” (2001), “Залатая цёлка або Па слядах залатога цяля” (2006), “Птушка з Персідскага заліва” (2010).
Бачароў Віктар Мітрафанавіч нарадзіўся 8 лютага 1950 года ў горадзе Краснаярску (Расія). З 1959 года жыў у Беларусі, а з 1975 па 2002 год жыў і працаваў у горадзе Ліда. Скончыў Гродзенскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Янкі Купалы. 27 гадоў працаваў ва ўстановах адукацыі горада Ліды. З іх 16 гадоў – дырэктарам ДУА “Сярэдняя школа № 13 г. Ліды”. Неаднаразова быў абраны дэпутатам гарадскога Савета дэпутатаў.
Першы яго верш быў надрукаваны ў рэспубліканскай дзіцячай газеце “Зорька”. А з 1964 года ён увесь час публікуецца ў “Гродзенскай праўдзе” і іншых рэспубліканскіх газетах і часопісах. Супрацоўнічаў з літкансультантам абласной газеты Васілём Быкавым, ужо ў той час знакамітым пісьменнікам. Сустракаўся з празаікам А. Карпюком, паэткамі Данутай Бічэль, Вольгай Іпатавай і інш. Свой першы зборнік Віктар Бачароў назваў “Гутарка” (1996). У гэтай назве крыецца глыбокі сэнс. Паэт імкнецца да жывой сувязі з людзьмі і пачынае душэўную размову не толькі з імі, але і з сабою пра каханне, пра сэнс жыцця, пра вайну... І знаёмы свет у вершах В. Бачарова адкрываецца новымі гранямі і новымі пачуццямі.
