Мар’ян
Баяровіч
Баяровіч Мар’ян Андрэевіч (нарадзіўся 01 студзеня 1933 года ў в. Альгецішкі, Ашмянскі р-н, Гродзенская вобл. – склончыў жыццё 21 жніўня 2006 года ў г. Ліда). Скончыў Беларускую акадэмію музыкі па класе баяна (1970). Працаваў дырэктарам Лідскай музычнай навучальні. Мар’ян Баяровіч праводзіў вялікую работу па адраджэнні беларускай культуры. Склаў і выдаў два зборніка “Беларускія народныя песні і танцы” (1998), “170 беларускіх народных песень Гродзеншчыны” (2002). Выступаў у сродках масавай інфармацыі рэспубліканскага, абласнога і мясцовага значэння па розных пытаннях адраджэння нацыянальнай культуры і падрыхтоўкі музычных кадраў. За поспехі ў працы ўзнагароджаны Граматай і медалём Вярхоўнага Савета БССР (1960 г.), медалём “За доблесную працу ў азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна” (1970), нагрудным знакам “Выдатнік народнай асветы” (1972), бронзавым медалём ВДНГ СССР “За дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі СССР” (1979), медалём “Ветэран працы” (1990).
Да вашай увагі некалькі вершаў Мар’яна Баяровіча.
ЖАНЧЫНЕ
Раманс-прызнанне
Я люблю цябе так, што жыву, як у сне.
Тваё імя – мне ранкам світанне.
Сярод белага дня і ў начной цішыні
Паўтараю я гэта прызнанне.
Кожны дзень і цяпер цябе бачыць хачу,
Зразумей, што сапраўднае гэта жаданне.
Пазвані – я прыйду, прыбягу, прылячу,
Ты мне – свежага ветру дыханне.
Ты мой першы прамень пасля доўгіх начэй,
Ясны дзень пасля цемры мраістай,
Водар летніх садоў і крынічны ручэй,
Дзе вада з цяплынёю празрыстай.
Я цяпло тваіх рук зберагу назаўжды,
Захаваю салодкасць пяшчоты падзеяй.
Ты мне вельмі патрэбна. Заставайся і будзь
Маёй Верай, Любоўю, Надзеяй!
ЦУД ПРЫРОДЫ
Ліда – Наваградак – Свіцязь –
Гэта вельмі дзіўны шлях.
Там прырода дорыць цуды,
Ды такія – проста “ах!”
Дуб стаіць у тры абхваты
Ля дарогі, не ў бары,
Глянеш ўверх: сасонка плача –
Вельмі ж сціснуў дуб стары.
Ствол адзін, а прыжыліся
Дуб з сасною навякі:
“Не, не плача тут сасонка, –
Шэпчуць нам беразнякі: –
Гэта спеў яе прывольны,
Спеў ад шчасця і цяпла,
Спеў пра дуба-велікана,
Спеў, каб музыка жыла!”
Зноў спяшаюся з ахвотай
На цудоўную зямлю;
І з ясенінскай пяшчотай
Я бярозку абдыму.
Асноўныя творы
-
170 беларускіх народных песень Гродзеншчыны, запісаных М. А. Баяровічам. – Гродна: Ратуша, 2002. – 178 с.
-
Баяровіч, М. [Вершы] / Мар’ян Баяровіч, падрыхтаваў да друку М. Мельнік // Лідскі летапісец. – 2006. – № 3. – С. 63-64.
-
Баяровіч, М. [Вершы] / Мар’ян Баяровіч // Ад лідскіх муроў : літаратурна-мастацкі часопіс / рэд. М. Масла. – 1999. – № 2-3. – С. 18-20.
-
Баяровіч, М. У лазні: верш / Мар’ян Баяровіч // Лідская газета. – 2005. – 6 студз. – С. 6.
-
Баяровіч, М. Цуд прыроды : верш / Мар’ян Баяровіч // Лідская газета. – 2004. – 27 ліст. – С. 4.
-
Беларускія народныя песні і танцы / склад. Мар’ян Баяровіч. – Мінск : Бел. кнігазбор, 1998. – 137 с.
Аб жыцці і творчай дзейнасці
-
Баяровіч Мар’ян Андрэевіч [буклет] : фалькларыст, этнограф, былы дырэктар Лідскага музычнага вучылішча / Лідская цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы; аддзел абслугоўвання і інфармацыі; склад. Т. Бальцэвіч, рэд. А. Быстрыцкая. – Ліда, 2013. – 6 с.
-
Баяровіч Мар’ян Андрэевіч (1.01.1933) – беларускі музыкант, музыкальны педагог, фалькларыст) // Людзі культуры з Гродзеншчыны / А. Пяткевіч. – Гродна, 2000. – С. 27.
-
Боярович Марьян Андреевич // Время и судьбы / Леонид Винник, Михась Мельник. – Лида : Оникс, 2004. – С. 38-39.
-
Грынкевіч, Я. Пайшоў Мар’ян Баяровіч: [пра беларускага музыку, паэта, фалькларыста] / Яраслаў Грынкевіч; фота // Наша слова. – 2006. – 23 жніўня. – С. 9.
-
Жалкоўскі, А. Радасць творцаў агульная. А як зведаць яшчэ адну?: [пра выданне кнігі “Беларускія народныя песні і танцы” і “170 беларускіх народных песень Гродзеншчыны ўкладальніка М.Баяровіча”] / Аляксандр Жалкоўскі // Гродзенская праўда. – 1999. – 30 чэрв.
-
Лідскія юбіляры 2003 года: [у т.л. Баяровіч Мар’ян Андрэевіч] // Лідскі летапісец. – 2003. – № 1. – С. 6-7.
-
Лойка, А. Ч. Баяровіч Мар’ян Андрэевіч (н. 1.01.1933, в. Альгецішкі Ашмянскага р-на): [музычны педагог, фалькларыст] / А. Ч. Лойка, А. М. Пяткевіч // Беларускі фальклор: энцыклапедыя: у 2 т. / рэдкал. Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2005. – Т. 1. – С. 153-154.
-
Прапагандыст нацыянальнага Адраджэння: [дырэктар Лідскага музычнага вучылішча М.А.Баяровіч] // Народная трыбуна. – 1992. – 30 снеж. – 13 студз. – С. 3.
-
Спеўнік прэзентавалі і спявалі : [М. А. Баяровіча] // Культура. – 2002. – № 50-51. – С.18.
-
Суднiк, С. Мар'ян Андрэевіч Баяровіч // Лiдскi Летапiсец. – 2013. – № 1. – C. 15.
-
Суднік, С. Мар’ян Баяровіч – музыка, фалькларыст, паэт, чалавек / Станіслаў Суднік // Лідскі летапісец. – 2006. – № 3(35). – С. 61-62.