top of page
виньетка.png
Біяграфія
Пятрусь
Граніт

    Граніт Пятрусь (Івашэвіч Іван Пятровіч) – (11(24).01.1909 – 14.01.1980) нарадзіўся ў вёсцы Зачэпічы Лідскага павету (цяпер Дзятлаўскага раёна) у сялянскай сям’і, вучыўся ў Беліцкай вячэрняй школе ў 1930-я гады. Працаваў дарожным рабочым, у 1930-я гады ўступіў у шэрагі КПЗБ. Прымаў удзел у нелегальным з’ездзе беларускіх пісьменнікаў у Вільні ў 1933 годзе. У сакавіку 1940 года прыязжаў у Ліду ў сувязі з прыездам туды Янкі Купалы. Выступаў з Купалам і іншымі пісьменнікамі перад насельніцтвам горада. Пасля аб’яднання працаваў старшынём Беліцкага сельсавета (1940-1941 гг.). У гады Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным партызанскай брыгады “Барацьба”. Скончыў Наваградскую педнавучальню (1950), працаваў настаўнікам, загадчыкам пачатковай школы ў Зачэпічах (1945-71). 

       У друку ўпершыню выступіў у 1933 г. у “Беларускай газеце”. Публікаваўся ў газетах “Наша воля”, “Беларуская газета”, “Папросту”, у часопісах “Асва”, “Беларускі летапіс”, “Шлях моладзі”. Выдаў кнігу вершаў для дзяцей “Сцяжынка” (1978). Цыклы вершаў былі апублікаваны ў зборніках “Сцягі і паходні” (1965), “Ростані волі” (1990), друкаваўся ў лідскіх газетах “Сцяг працы” і “Уперад” у 1963-76 гг. 

     Псеўданімы: Гвозд. Мацей; Граніт Пятрусь; Граніт П.; Гранит Петрусь
       Асноўная тэма тагачасных твораў  – лёс вясковай беднаты, крытыка палітыкі нацыянальнага ўціску, заклікі да ўз’яднання з БССР. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў паэта пераважалі грамадска-публіцыстычная лірыка, вершы для дзяцей.

Граніт Пятрусь.jpg
3.png
1.png
2.png
Да вашай увагі некалькі вершаў Пятруся Граніта.

БРУКАР

Брукар молатам сталёвым
Звоніць, б’е па камянёх:
Хоча шлях пракласці новы,
Каб не раніць людзям ног.
Утрымае цяжкі молат
Мазалістая далонь.
Размахніся – як той волат,
Высякаючы агонь!
Толькі рэха раздаецца,
Іскры свецяць у вачах.
Камень сцелецца-кладзецца –
Пракладае новы шлях.
Новы шлях прамы і роўны,
Каб не раніць болей ног.
Па ім пойдзе люд працоўны
Да святла і перамог.

МУЖЫЦКАЯ ВОСЕНЬ

З палёў даўно сабралі
Збажыну мужыкі,
І па вясковых далях
Цяпер грымяць такі.
З братвы мужыцкай, шэрай
Бязмежна кожны рад,
Што хлеба сціплай мерай
Мо хопіць да Каляд.
Праходзяць дні без мовы,
І толькі вецер дзьме,
Сустрэчны гімн суровай
Складаючы зіме.
Далёка ў небным полі
Крык жураўлёў замоўк,
А над мужыцкай доляй
Завые сёння воўк. 

Асноўныя творы
  1. Граніт, П. Сцяжынка: Вершы: для дашкальнага ўзросту / П. Граніт ; маст. Л. Зяневіч. – Мінск : Маст.літ., 1978. – 24 с. 

Асноўныя творы
Аб жыцці і творчай дзейнасці
Бібліяграфія
  1. Башлакоў, М. Пятрусь Граніт / М. З. Башлакоў // Памяць: Гiст.-дак. хронiка Лiды i Лiд. р-на / рэдкал. : В. Г. Баранаў і [інш.]. – Мінск, 2004. – C. 162. 

  2. Граніт Пятрусь // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал. І. Э. Багдановіч [і інш.]. – Мінск : Бел.энцыкл., 1993. – Т.2. – С. 243-244.

  3. Жалкоўскi, А. На пасадзе старшыні вершы шчырыя складаў / А. Жалкоўскі // Лiдскi Летапiсец. – 2009. – № 1-2. – C. 28.

  4. Круповіч, А. Па дарогах жыцця паэта-брукара / Аляксей Круповіч // Наша слова. – 2020. – 18 лістап. – С. 7-8.

  5. Пяткевіч, А. М. Граніт Пятрусь // Людзі культуры з Гродзеншчыны : даведнік / А. М. Пяткевіч. – Гродна, 2000. – С. 73.

  6. Спiцын, А. Пятрусь Граніт / А.Спіцын // Роднае слова. – 2009. – №1. – С. 31.

bottom of page