top of page
1.png
виньетка.png
Ніна
Тарас
Біяграфія

    Нарадзілася Ніна Міхайлаўна Тарас 15 мая 1916 года ў вёсцы Заполле на Наваградчыне.  Нягледзячы на невялікі матэрыяльны дастатак сям’і, бацька зрабіў усё дзеля таго, каб яго старэйшая дачка Ніна пасля вучобы ў пачатковай польскай школе паступіла ў 1930 г. у Навагрудскую беларускую гімназію. Але гімназію не закончыла, паколькі ў 1934 г. польскія ўлады закрылі яе. Жаданне вучыцца было вялікае, і таму бацька адправіў старэйшую дачку вучыцца ў Віленскую беларускую гімназію. 
   Пасля заканчння ў 1936 г. гімназіі Ніна Тарас апынулася ў пошуках працы. Не шанцавала, давялося спазнаць жыццёвую неўладкаванасць і нястачу, сустрэць непаразуменне нават у бацькавай хаце, дзе ўжо чакалі дапамогі ад дачкі (апрача яе ў сям’і было чатыры сястры і малодшы брат). У гэты няпросты перыяд свайго жыцця Н.Тарас напаткала людзей, якія далучылі яе да рэвалюцыйнага падполля, да ўдзелу ў нацыянальна-вызваленчым руху беларусаў. 
    Масавыя арышты ў Вільні, аднак, прымусілі Н.Тарас вярнуцца дамоў да бацькоў. Заставалася няспраўджанай мара пра паступленне ў Віленскі ўніверсітэт.
    Летам 1938 году выходзіць замуж за Федаровіча Янку і пераязджае жыць да мужа ў Ліду, дзе ён меў свой домік. Тут яна стала сведкай падзей верасня 1939 года, сустрэла іх, як і многія заходнікі, з радаснай надзеяй на лепшую будучыню.   
   “Чырвоную армію сустракала ў Лідзе. А праз нейкі час пайшла працаваць у лідскую газэту “Уперад”. Гэта была першая праца ў маім жыцці. Пачалося новае, вольнае, поўнае захаплення жыццё. Новыя вершы, літаратурныя старонкі ў газеце. Праца грамадская – мяне выбіраюць дэпутатам лідскага гарадскога Савету; прымаюць у члены ВЛКСМ – ужо фармальна, па ўсіх правілах. Выступленні перад выбаршчыкамі, перад чытачамі”, – пісала ў сваёй аўтабіяграфіі Ніна Тарас. Упершыню Н.Тарас атрымала пастаянную работу ў рэдакцыі лідскай раённай газеты “Уперад”, дзе пазнаёмілася з паэтам Валянцінам Таўлаем. З ім склаліся добрыя чалавечыя і творчыя стасункі. Яны разам часта бралі ўдзел у публічных выступленнях, давяралі адно аднаму свае новыя творы, наладжвалі паэтычныя чытанні ў вузкім сяброўскім коле.
   У 1940 годзе выходзіць першы зборнік – “На ўсход ідучы…”. Ніну Тарас прымаюць у Саюз беларускіх пісьменнікаў.
    У гады змагання з фашызмам Н.Тарас была сувязной лідскай спецгрупы партызанскай брыгады імя Кірава і партызанскага атрада імя Катоўскага. Хата Ніны Міхайлаўны выкарыстоўвалася для явак партызан. Праз некаторы час хата згарэла, згарэлі і ўсе рукапісы, памятныя кнігі і іншыя каштоўныя матэрыялы. За падпольную дзейнасць і натхнёнае паэтычнае слова паэтка-змагарка ўганаравана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.    
   Пасля вайны пераехала ў Мінск. Працавала ў Дзяржаўным выдавецтве Беларусі, у рэдакцыі газеты “Піянер Беларусі”. У пасляваенныя гады друкавала зборнікі вершаў, пісала аповесці. Вучылася завочна ў Беларускім дзяржаўным унівэрсітэце, які так і не скончыла. Адвучылася на Вышэйшых двухгадовых курсах ў Маскве. Памерла Ніна Тарас 12 снежня 2006 года, але ў шматгалосым хоры сучаснай паэзіі прадаўжае гучаць непаўторная, праўдзівая, шчырая песня адной з нашых лепшых старэйшых паэтэсс, якая звязана лёсам і з Лідчынай.

Ніна Тарас.jpg
2.png
3.png

Прапануем вашай увазе некалькі вершаў Ніны Тарас.

        ДОЖДЖ
Прачнуўся вецер
І па свеце
Памчаў сарваныя лісты.
Зашалясцелі,
Зашумелі
Галлём лазовыя кусты.
І раптам з хмары
Гром ударыў,
Прагрукатаў па ўсёй замлі, – 
І па дарожках
Дождж заплёскаў,
Забулькаталі ручаі.
Па ручаінах,
Каляінах
Лісты сарваныя плылі…
А мы пад хусткай
Мяжою вузкай
Дамоў абняўшыся ішлі.

                     * * *
Слоў няма, каб цяпер гаварыць, – 
Яны анямелі.
Слёз няма, каб наўзрыд праліць, – 
Яны скамянелі.
На руінах стаю адна
У суровым маўчанні.
А навокал – вайна, вайна,
Папялішчы ды камні.
Я спытала паўшых байцоў:
– Што рабіць мне, скажыце, героі?
І, здаецца, шапнулі слаўцо:
“Да зброі! Да зброі!”

 

Асноўныя творы
Асноўныя творы
  1. Тарас, Н. Вершы / Ніна Тарас. – Мінск, 1952. – 88 с.

  2. Тарас, Н. Зірнуўшы на пройдзены шлях // Пра час і пра сябе : Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў. – Мінск, 1966. – С. 333.

  3. Тарас, Н. Казкі пра абавязкі / Н.Тарас. – Мінск, 1955. – 16 с.

  4. Тарас, Н. Кветка шчасця : Выбр. вершы / Ніна Тарас. – Мінск, 1958. – 180 с.

  5. Тарас, Н. На ўсход ідучы : Вершы / Ніна Тарас. – Мінск, 1940.

  6. Тарас, Н. Наш бор / Ніна Тарас. – Мінск, 1968. – 31 с.

  7. Тарас, Н. Пад белым яварам : Выбр. вершы / Ніна Тарас. – Мінск, 1966. – 247 с.

  8. Тарас, Н. Праз вятры, завеі : Вершы / Ніна Тарас. – Мінск, 1986. – 174 с.

  9. Тарас, Н. Праметэю прыйду пакланіцца : Вершы / Ніна Тарас. – Мінск, 1981. – 175 с.

  10. Тарас, Н. Суніцы : [вершы] / Ніна Тарас. – Мінск, 1940.

  11. Тарас, Н. У тапаліную замець : Вершы / Ніна Тарас. – Мінск, 1976. – 79 с.

Аб жыцці і творчай дзейнасці
Бібліяграфія
  1. 100 гадоў з дня нараджэння Ніны Тарас / Вікіпедыя // Наша слова. – 2016. – № 19. – С. 1.

  2. Андруковіч, А. “У кожнай песні доля свая…” : лёс і паэзія Н.Тарас / Алесь Андруковіч // Роднае слова. – 2001. – № 5. – С. 18-24.

  3. Бельскі, А.І. Песня ціхая і мужная : (Ніна Тарас) / А.І. Бельскі // Беларуская літаратура : гісторыя і сучаснасць / А.І. Бельскі. – Мінск, 2005. – С. 107 – 117.

  4. Башлакоў, М. Ніна Тарас / М. Башлакоў // Памяць: гіст.дак. хроніка Ліды і Лід.р-на / рэдкал. В.Г. Башлакоў [і інш.]; маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск, 2004. – С. 162.

  5. Кудрашова, Т. У гэтых вулiцах чуецца велiчны поступ стагоддзяў / Т.У. Кудрашова // Лiдская газета. – 1998. – 13 жніўня. – С. 2.

  6. Лойка, А. “Тут рука дрыжэла ў хваляванні…” / Алег Лойка // Паэзія і час : літ.-крыт. арт., творчыя партр. / Алег Лойка. – Мінск, 1981. – С. 212-220.

  7. Мікуліч, М. “Ные і радасцю сэрца і болем…” / М. Мікулііч // Гродзенская праўда. – 2003. – 3 чэрв. – С. 3.

  8. Мікуліч, М.У. Паэзія Ніны Тарас давераснёўскага перыяду / М.У. Мікуліч // VI Навуковыя чытанні, прысвечаныя 120-годдзю з дня нараджэння акадэміка НАН Беларусі С.М. Некрашэвіча : зб. навук. арт. / НАН Рэсп. Беларусь [і інш.]. – Гомель, 2003. – С. 290 – 294.

  9. Мікуліч, М. “Праз вятры-завеі…” / Мікола Мікуліч // Літаратура і мастацства. – 2004. – 5 сак.(№ 10). – С. 7.

  10. Орехво, Е. Из семьи лидских журналистов / Е.Орехво // Лідская газета. – 2008. – 18 верасня. – С. 3.

  11. Саламевіч, І.У. Тарас Ніна Міхайлаўна / І.У. Саламевіч // Янка Купала: энцыкл. давед. / гал. рэд. І.П. Шамякін [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 589.

  12. Тарас Ніна Міхайлаўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / гал. рэд. Г.П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2002. – Т. 15. – С. 435.

  13. Тарас Ніна // Беларускія пісьменнікі : біябібліягр. слоўн. : у 6 т. / пад рэд. А.В.Мальдзіса. – Мінск, 1995. – Т. 6. – С. 62-65.

  14. Хітрун, А. “Бірута песні тут збірала, а Колас нам вершы чытаў” / А.Хітрун // Лідская газета. – 2008. – 23 жн. – С. 4. – [Аб сувязях знаімітых людзей з Лідчынай, у т. л. Н.Тарас].

Бібліяграфія
  1. Ніна Тарас / Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы; склад. Г. Р. Курбыка. – Ліда, 2016. – (Звязаны лёсам).

bottom of page