top of page
глав-1.png

Яго імя носіць бібліятэка

Фактаграфічная база дадзеных
ЯК.png
                                                        Янка Купала і Лідчына

“Дык жа знайце, чаго б я хацеў,
Аб чым думачкі толькі мае: 
Каб мой люд маю песню запеў 
I пазнаў, аб чым песня пяе!”
“Чаго б я хацеў”  (1905 г.)


Імя Янкі Купалы... На ўсіх этапах жыцця кожнага сапраўднага беларуса яно свяціла і свеціць яснай зоркай. Яго словы, як сонечныя прамені, даходзілі да нашых папярэднікаў і даходзяць да нас.
У трыццатыя гады мінулага стагоддзя, калі ў з
аходнебеларускіх вёсках шырокае распаўсюджанне набылі гурткі сялянскай моладзі, арганізаваныя польскімі ўладамі, самымі папулярнымі формамі культурна-асветніцкай работы на сяле сталі самадзейныя спектаклі. У рэпертуары гэтых спектакляў найчасцей ішла п’еса Янкі Купалы “Паўлінка”, крыху радзей – “Раскіданае гняздо”, “На куццю” і, нават, “Тутэйшыя”. У перапынках, калі на пастаноўцы не прысутнічала паліцыя, можна было пачуць вершы Купалы “Над Нёманам”, “Гэй, наперад!”, “Прарок”, “Ворагам беларушчыны”, “Песня званара” і іншыя. Змест п’есаў і вершаў быў зразумелы ўсім, падтрымліваў дух беларускасці сярод моладзі, узгадоўваў нацыянальную самасвядомасць, веру ў здзяйсненне мар і імкненняў.
“А наведаў Янка Купала Ліду праз паўгода пасля вераснёўскіх падзей 1939 года. 15 лютага 1940 года рабочыя, інжынеры, тэхнікі і служачыя чыгуначнага вузла на сваім перадвыбарчым сходзе прапанавалі вылучыць кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР Янку Купалу. “У Ліду Янка Купала прыехаў 13 сакавіка 1940 года. Сустрэча адбылася назаўтра, 14 сакавіка. Як сёння памятаю – гэта быў чацвер. А паколькі Янка Купала балаціраваўся па Лідскай выбарчай акрузе, то і сустрэча адбылася ў клубе чыгуначнікаў, у нашай сярэдняй школе №3, якую так і называлі “чыгуначнай” (потым яна мела №52, а зараз №10), было даручана пасля сустрэчы даваць канцэрт. Запомніўся доўгі стол, засланы чырвоным. За ім людзі ў гімнасцёрках і чыгуначнай форме. Сярод іх у цэнтры ў цёмным касцюме, белай сарочцы і гальштуку сядзеў Купала, такі ж як на партрэтах у школьных падручніках: гладка прычасаныя валасы, добры, лагодны позірк і нешта такое, што рабіла яго родным і дарагім для гледача. Нешта гаварылі людзі ў гімнасцёрках, чыгуначнай форме, нешта гаварыў і Янка Купала. Пасля ён чытаў свае вершы. Упершыню я пачуў “Накарміліся панскаю ласкаю”, “3 новай думкай” і яшчэ нешта”. (Урбановіч, У. Янка Купала і Лідчына / У. Урбановіч // Уперад. – 1990. – 12 чэрвеня.)
“Разам з Купалам ў Ліду прыехалі Зэлік Аксельрод, Пятро Глебка, Алесь Кучар. Госці спыніліся ў гасцініцы на рагу вуліцы Сувальскай, 15 (цяпер Савецкая) і вуліцы 3 Мая (цяпер Ленінская), былым гатэлі “Брыстоль”. [пэўна гэта пра гэты гатэль пісала ў сваіх успамінах былая лідзянка Я.Ярмант: “... внунштельное импозантное здание с красивыми застекленными дверьми” (Ярмонт, Е. В тени замка Гедимина. – Лида, 1995 – С. 79)]. Харчаваліся мінчане ў лепшай сталоўцы горада, так званай “Амерыканцы”, былым шыкоўным кафэ-рэстаране. У першы ж дзень Янка Купала зацікаўлена агледзеў горад. Сувальская – цэнтральная магістраль горада. Яна пачыналася непадалёку ад старажытнага замка. Усцяж яе ўзвышаліся касцёл, сінагога, праваслаўны сабор. Паабапал вуліцы цесна згрудзіліся адміністрацыйныя будынкі, асабнякі, крамы. Тут жа знаходзіліся і тры кінатэатры – “Эдысон”, “Эра” і дзіцячы – “Кіно маленькі”.
Першая сустрэча з выбаршчыкамі адбылася ў святочна ўпрыгожаным чыгуначным клубе па вуліцы Каляёвай (цяпер Труханава). Да верасня 1939 года ў гэтым будынку быў клуб-рэстаран “Агниско каляёва”. Потым яго пераабсталявалі пад клуб чыгуначнікаў. Гэта быў доўгі аднапавярховы драўляны будынак, які складаўся з глядзельнай залы са сцэнай, бібліятэкі-чытальні, більярднай, буфета і сталовай. Пазней, у першы дзень вайны, у яго трапіла нямецкая бомба, і будынак згарэў. Цяпер на месцы былога клуба знаходзяцца склады і чыгуначная адгрузачная пляцоўка”. (Рачыцкі, А. Народны дэпутат / А. Рачыцкі // Уперад – 1982. – 19 сакавіка).
У архіве Валянціна Таўлая захаваўся чарнавы накід успамінаў пра тыя дні: “Першая сустрэча – у чыгуначным клубе. Немалы зал аказаўся малым да недарэчнасці. Людзі запоўнілі яго да адказу. Хвіліна ўсхваляванага чакання – і зал атрасаюць працяглыя авацыі: на сцэну ўзыходзіць Янка Купала. Яго акружаюць кіраўнікі грамадскага жыцця горада, чыгуначнага вузла і маладыя паэты Заходняй Беларусі, якія на вестку аб сустрэчы з’ехаліся з розных куткоў вобласці.
Ва ўсёй постаці Янкі Купалы, у кожным яго жэсце – ніякай позы, адна запалоньваючая прастата вялікага чалавека.
Але хоць на сцэне цёпла, Купала не распранаецца, а толькі расшпіляе футру. На твары ўсхваляванасць змагаецца з нейкай нядужасцю, на лбе выступае пот, хоць Купала выцірае яго хусцінкай.
Хутка ўвесь зал аблятае вестка, што Янка Купала – хворы, што ў яго тэмпература. У такіх умовах прыезд і сустрэча з выбаршчыкамі – гэта гераізм. Глыбокай удзячнасцю і яшчэ большай пашанай напаўняюцца сэрцы прысутных. Слова прадастаўляецца Купале. Усе прытаілі дыханне. (Таўлай, В. Дакументы, успаміны, артыкулы / В. Таўлай. – Мінск, 1984. – С. 208).
Цікавыя дэталі ўспамінае Анатоль Іверс, які прыехаў на сустрэчу з Купалам па запрашэнню В.Таўлая: “Хоць Купала і прыхварэў, але на сустрэчу прыехаў. А тут, як назло, адліга, макрата, што ў туфлях цяжка прайсці па тратуары, каб не замачыць ногі. Валянцін гэта ўлічыў. Ён пабег на гумовую фабрыку “Ардаль” і прынёс дарагому госцю падарунак рабочых – пару дабротных галошаў. Купала доўга аднекваўся, але пры нашым намаганні здаўся”. (Арочка, М. Валянцін Таўлай. – Мінск,1969. – С. 109).

Адліга капежамі звоніць, 
Вада грудзі рэк паўздымала,
3 народам у Лідзе гамоніць 
Пясняр чалавецтва Купала. 
Гамоніць пра лепшую долю, 
Маўчыць, што тут лепей не стала, 
Гамоніць пра шчасце і волю 
Прастуджаны, хворы Купала.
У мокрых стаіць чаравіках 
I з кашлем змагаецца мужна, 
I ў цесным натоўпе шматлікім 
Ідэя раджаецца дружна: 
“Давайце падорым Купалу 
Галёшы тутэйшай работы,
Ад мокрадзі каб ратавалі, 
Ад гразі, дажджу і ад слоты,
Каб быў наш Купала здаровы
I шчыра служыў Беларусі”.
I пару галёшаў тых новых
Купала ўзяць ад іх мусіў...

...I я, нават сёння, як бачу, 
Фантазіі многа ці мала, 
Выходзіць па Менску на шпацыр
У лідскіх галёшах Купала...
(Суднік, С. Галёшы для Купалы / С. Суднік // Лідскі летапісец. – 2000. –№ 2. – С.1-я вокл.)

Другая сустрэча, на гэты раз з сялянамі, адбылася днём 14 сакавіка ў кінатэатры “Эдысон” [мураваны будынак XIX ст. побач з фарным касцёлам, зараз там сквер і помнік Францыску Скарыне. А.Рачыцкі пісаў, што рэшткі гэтага будынка – жылы дом №6 па вул. Савецкай – разабраны летам 1981 года]. “Каб убачыца з паэтам, сяляне з навакольных вёсак ішлі ў горад пешшу і ехалі на фурманках за дзесяткі кіламетраў. Вакол кінатэатра набралася сялянскіх вазоў і распрэжаных коней як на вялікім кірмашы. 
Яны запрудзілі ўсе прылеглыя вуліцы, завулкі, двары”. (Рачыцкі, А.) Давераная асоба кандыдата, пісьменнік Алесь Кучар, расказаў прысутным пра жыццёвы і творчы шлях народнага паэта. Янка Купала прачытаў некаторыя са сваіх вершаў на заходнебеларускія матывы.
У той жа дзень, 14 сакавіка, адбыўся вечар у гарадской бібліятэцы, якая знаходзілася на вул. Сувальскай насупраць фарнага касцёла [прыблізна дзе цяпер магазін “Юбілейны”, супрацоўнік музея В. Сліўкін мяркуе, што рэшткамі былой бібліятэкі з’яўляецца памяшканне, дзе знаходзяцца класы духавых інструментаў музычнай навучальні). Янка Купала падараваў бібліятэцы сваю кнігу “Над ракой Арэсай” /4-е выданне, 1937 года/ з цёплым надпісам. “Гэта была першая беларуская кніжка ў гарадской бібліятэцы ў сакавіку 1940 года! Цяжка ў гэта паверыць, але гэта дакументальны факт. У той час у бібліятэцы меліся толькі польскія і яўрэйскія кнігі. (На жаль, пакуль не знойдзена ніводнай кнігі з тае – даваеннай бібліятэкі, так што невядомы і лёс падараванай Купалам кнігі. [Праўда ёсць звесткі пра тое, што нібыта частка кніг захавалася ў асабістай бібліятэцы кагосьці са старажылаў Ліды]. 
Са свайго боку работнікі бібліятэкі прыпаднеслі Янку Купалу зборнік вершаў Марыі Канапніцкай “Паэзія” на польскай мове. Пазней паэт паклапаціўся аб папаўненні бібліятэчнага фонду кнігамі беларускіх і рускіх савецкіх пісьменнікаў. У траўні таго ж года бібліятэка атрымала больш 4000 экз. кніг ад сталічных бібліятэк. Праз некаторы час паступіла яшчэ 3000 экз. кніг з маскоўскіх бібліятэк.
Наступная сустрэча, з інтэлігенцыяй, прайшла 15 сакавіка ў кінатэатры “Эра” [ён знаходзіўся за будынкам сённяшняй бібліятэкі імя Янкі Купалы, уваход праз арку, дзе зараз магазін “Кветкі ад Ганначкі”]. Гэта быў вялікі літаратурны вечар. 3 дакладам аб стане беларускай літаратуры выступіў Алесь Кучар. Свае вершы чыталі Янка Купала, Пятро Глебка, Валянцін Таўлай, Анатоль Іверс, Пятрусь Граніт.
Перад ад’ездам з Ліды Купала сустрэўся з групай маладых паэтаў, якія сабраліся тут з усёй Баранавіцкай вобласці, паслухаў іх вершы, а потым Іван Дамінікавіч хлебасольна запрасіў іх разам паабедаць. Заказаў сваім гасцям абед з чатырох страў, з чаркай і півам. Калі паэты памкнуліся плаціць, перапыніў іх: “Хлопцы, хлопцы, у мяне, мабыць больш грошай...”. На развітанне кожнаму з паэтаў Янка Купала падарыў свае кнігі з аўтографамі. В.Таўлаю – паэму “Над ракою Арэсай”, з надпісам “Таварышу Валянціну Таўлаю на ўспамін аб сустрэчы ў Лідзе”. А. Іверсу дастаўся зборнік выбранай паэзіі. На жаль, гэтыя кнігі безпаваротна згінулі падчас вайны.
24 сакавіка 1940 года Янка Купала быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР ад Лідскай выбарчай акругі і яму ўручылі дэпутацкі білет за № 306.
Пасля абрання Купалы дэпутатам у газеце “Известия” з’явіўся артыкул “Маім выбаршчыкам”, дзе паэт пісаў: “Якая гэта вялікая радасць для мяне, пісьменніка, які 35 гадоў пісаў песні аб родным беларускім народзе! Я глыбока ўдзячны маім выбаршчыкам – працоўным Лідскага раёна, якія аказалі мне вялікі гонар выбраннем у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. Да канца сваіх дзён я буду служыць народу, вялікай справе Леніна...” (Купала, Я. Збор твораў: у 7 т. / Янка Купала. – Мінск, 1972-1976. – Т. 7. – С. 311).
“Неўзабаве пасля Перамогі над Германіяй, 5 жніўня 1945 года, Саўнарком БССР і ЦК КПБ прынялі Пастанову “Аб увекавечанні памяці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы”. У ліку іншых пунктаў быў і такі: “Прысвоіць імя Янкі Купалы гарадской бібліятэцы ў горадзе Ліда”. (Рачыцкі, А. 3 імем паэта / А. Рачыцкі // Уперад. – 1982. – 3 крас.)
3 гэтай нагоды ў верасні 1946 года Ліду наведалі пісьменнікі Пятро Глебка, Валянцін Таўлай і Уладзімір Агіевіч, а таксама дырэктар музея імя Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна Луцэвіч каб прыняць удзел ва ўрачыстасці прысваення імя Янкі Купалы гарадской бібліятэцы. На агульнагарадскі сход, прысвечаны гэтай падзеі, што адбылася вечарам 18 верасня, сабраліся рабочыя, інтэлігенцыя, навучэнцы педагагічнай вучэльні і школ горада, прыехалі жыхары навакольных вёсак.
Былі тут даклады, чыталіся вершы, прысвечаныя памяці песняра, Уладзіслава Францаўна падзялілася ўспамінамі пра “незабыўнага Янку”.
“Ад імя калектыву работнікаў і чытачоў бібліятэкі выступіла яе загадчыца Таццяна Жыгланава. Падзякаваўшы за прысваенне ўстанове імя вялікага беларускага паэта і асветніка, яна запэўніла, што гэты высокі  гонар будзе апраўданы практычнай працай па папулярызацыі неўміручых твораў Янкі Купалы, штодзённай барацьбой за далейшы культурны рост працоўных горада”. (Рачыцкі, А. 3 імем паэта / А. Рачыцкі // Уперад. – 1982. – 3 крас.)
Рашэннем гарвыканкама ў той жа час вуліца Шкляная перайменавана ў вуліцу імя Янкі Купалы (і тады, і цяпер яна прымыкае да ракі Лідзейкі). Зараз на гэтай вуліцы знаходзшца раённы Дом культуры.
У 1947 годзе, у дзень пятай гадавіны з дня гібелі Янкі Купалы ў бібліятэцы адкрыўся памятны пакой Купалы. Тут была наладжана вялікая выстава пра жыццё і творчасць народнага песняра, абсталяваны вітрыны з яго творамі, выстаўлены падарункі бібліятэцы ад музея імя Янкі Купалы. На асобным стэндзе дэманстраваліся фотаздымкі і малюнкі даваеннай Ліды. Быў зроблены асобны альбом “Янка Купала – наш дэпутат”, дзе былі сабраны фотаздымкі, газетныя выразкі успаміны ўдзельнікаў сустрэч з паэтам, малюнкі самадзейнага мастака, вядомага тады краязнаўцы і калекцыянера Аляксандра Каспяровіча. Дзе ўсё гэта знаходзіцца сёння невядома, можа наогул ужо не існуе. Мастак А. Каспяровіч у 1956 годзе выехаў у Польшчу. Быццам ў 1964 годзе гэты альбом трапіў у рукі былога дырэктара краязнаўчага музея Іванова.
У 1955 годзе ў Лідзе адчыніўся новы тыпавы кінатэатр “Кастрычнік”. Будынак былога кінатэатра аддалі гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы, на першым паверсе размясцілі дзіцячую бібліятэку.
Пасля завяршэння ўсіх пераездаў загадчыца бібліятэкі Людміла Зялінская запрасіла ў Ліду на ўваходзіны жонку паэта Уладзіславу Францаўну. 29 чэрвеня 1956 года ў гарадскім Доме культуры (будынак быў разабраны ў канцы 80-х гг.) адбыўся літаратурны вечар. На ім прысутнічалі паэты Міхась Калачынскі, Анатоль Астрэйка, Раман Сабаленка. Цётка Уладзя (У.Ф.Луцэвіч) падарыла гарадской бібліятэцы вялікі партрэт Янкі Купапы выкананы мастаком В.Волкавым, а таксама альбом “Беларускі народны арнамент”. На звароце тытульнага ліста альбома надпіс “Ад музея Янкі Купалы. У.Луцэвіч 29.VI.56”. Гэта кніга захоўваецца ў чытальнай зале і сёння. Лёс партрэта народнага паэта невядомы.
Час імклівы, хуткаплынны, шмат знаходак, многа страт...
Да 100-гадовага юбілею Янкі Купапы ў гарадской бібліятэцы з дапамогай сталічнага музея быў арганізаваны цікавы стэнд пра жыццё і творчасць песняра народных дум.
I вось 120-я ўгодкі народнага паэта Беларусі...
БО.png

        Чайко, Т.  Памятае Лідчына Купалу, або Яго імя ў гісторыі горада Ліды / Т. Чайко // Наша слова. – 2002. –26 чэрвеня. – С. 4.

© 2022 ДУК «Лідская раённая бібліятэчная імя Янкі Купалы»,
Design and development Darya Martsinkevich

bottom of page