top of page
глав-1.png

Яго імя носіць бібліятэка

Фактаграфічная база дадзеных
ЯК.png
Фон  успаміны.png
2.png
2.png
2.png
2.png
2.png
2.png
2.png
2.png
2.png
2.png
2.png
Іверс
       Засталося няшмат успамінаў пра сустрэчы з Янкам Купалам ў Лідзе 13-15 сакавіка 1940 года –  слаўную старонку з гісторыі Лідчыны.  Свае ўспаміны аб тых памятных днях нам пакінулі Валянцін Таўлай, Анатоль Іверс і Уладзімір Урбановіч. З іх аповедаў перад намі паўстае грамадскае і чалавечае аблічча паэта, які быў цесна звязаны са сваім народам, жыў яго думкамі, яго справамі, яго марамі і надзеямі і, вядома ж,  Лідчына 1940 года.
Успаміны.png
Таўлай
Віньетка.png
Іверс.png
Урбановіч
полоска.png
 Іверс, А. Ён адкрыў мне Беларусь / Анатоль Іверс // Успаміны пра Янку Купалу / склад. А. Кулакоўскі і Н. Цвірка. – Мінск: Маст. літ., 1982. – С. 200 – 204.

Ён адкрыў мне Беларусь

       Было мне тады дзесяць гадоў. Але я ўжо многа чаго ведаў. Спазнаў бежанства, вяртанне на радзіму, голад, безліч іншых турбот. Бацька навучыў мяне чытаць па нейкім рускім падручніку. А як з Расіі прыехалі дадому, пераросткам пайшоў у польскую школу і пачаў “перавучвацца” на новы лад. Вядома, як і ўсім вучням, прыйшлося вучыць на памяць верш “Кто ты естэсь? – Поляк малы!” Нутро пратэставала, бо разумеў, што я не паляк. Аднак, разам з тым, не ведаў, хто ж я такі.
       Ішоў 1922 год. З гэтага няведання вывеў мяне, дзесяцігадовага хлапчука, Янка Купала. А было гэта так. Аднойчы прыехаў бацька са Слоніма і паклаў на стол невялікую кніжку. Гэта быў зборнік вершаў Янкі Купалы “Гусляр”, выдадзены лацінкай. Я не адразу схапіўся за гэтую, як я лічыў, польскую кніжку з вершамі, мне лепш падабаліся рускія творы.
     Якое ж было потым здзіўленне, калі пад гэтымі лацінскімі літарамі загучалі вершы на той мове, на якой гаварыла вёска. Для мяне гэта быў выбух бомбы, пераварот ва ўсіх маіх паняццях. Значыць, мы не “тутэйшыя”, як называлі нас польскія паны, а беларусы. Вось гэта цуд!
      З той пары і вершы, і імя – Янка Купала – глыбока запалі ў душу. Словам, я адчуваў сябе так, быццам другі раз на свет нарадзіўся. Адчуў сябе больш смелым, вясёлым, хоць пачаў глыбей разумець, што беларускі народ знаходзіцца ў няволі. Але ж ёсць людзі, якія ўзняліся вышэй гэтай няволі, пішуць і друкуюць кніжкі на пагарджанай чужынцамі, але роднай, дарагой нам мове. Ды і змест простых вершаў кранаў за сэрца.
     Тым часам па Заходняй Беларусі ці, як тады афіцыйна называлі наш край, па “крэсах усходніх” крочыла ўжо восень таго ж 1922 года. Гэты год памятны яшчэ тым, што надыходзілі выбары ў польскі сейм. Па краіне папаўзлі, як слімакі ў непагоду, агітатары ад розных палітычных партый у пагоні за сялянскімі галасамі. На адзін з прадвыбарных сходаў, які праходзіў у нашай вёсцы, пайшоў і я з бацькам.
      У перапоўненай і накуранай хаце выступае агітатар ад урадавага выбарчага блока. Помню, як мужчыны кідалі яму рэплікі: “А калі будуць зменшаны падаткі?” Чуўся адказ: “Пачакайце, дойдзе і да гэтага”. “А калі адкрыеце беларускія школы?” – “Дойдзе і да гэтага”.
       Разыходзіліся са сходу па двух, па трох. Мужчыны, ідучы, гаварылі: “Бачыш, як лоўка брэша, нідзе польскага слаўца не сказаў, а ўсё таму, каб мы за іх галасавалі”.
Гэты сход і рэакцыя сялян на выступленне агітатара з’явіліся для мяне палітычнай вучобай. Да гэтай вучобы добра падрыхтаваў мяне Янка Купала. Я пачаў разумець, што не ўсё золата, што блішчыць, і што не ўсе жадаюць нам дабра, хоць і гавораць на беларускай мове. Пазней, калі я ўжо вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, з захапленнем слухаў прамовы рабочых на польскай мове, бо ў іх была праўда…
     Сяляне нашай вёскі Чамяры, як і іншых вёсак, цэлымі пачкамі падавалі дэкларацыі “пану школьнаму інспектару” з дамаганнем адкрыцця беларускай школы. “Паны” знаходзілі сотні прычын, каб толькі не даць беларусам школы з роднай мовай выкладання.
       І ўсё ж была ў нас, хоць пару месяцаў, прыватная беларуская пачатковая школа. Дзеці плакалі, як яе закрывалі. Але тое зерне навукі трапіла на добры грунт. Думаю, што верш Янкі Купалы “Вучыся”, які вучылі мы на памяць, ніхто з былых вучняў беларускай школы не забыў да самай смерці. Многія вучні, падросшы, пайшлі “змагацца з нядоляй, з няволяй”. Некаторыя не вярнуліся з паходу, загінулі на шляхах барацьбы за сацыяльныя і нацыянальныя правы заходнебеларускіх сялян і рабочых.
     Нацыянальна-вызваленчы рух шырыўся з кожным днём. Усюды дзейнічалі магутныя і папулярныя ў народзе арганізацыі, як Грамада і Таварыства беларускай школы. У Вялікай Кракотцы і ў Чамярах у 1927 годзе сяляне адкрылі бібліятэкі-чытальні імя Янкі Купалы і Якуба Коласа. Мы, вучні з гэтых вёсак, спаборнічалі паміж сабой за тое, хто больш прывязе літаратуры на беларускай, рускай і польскай мовах. Вынікаў спаборніцства ніхто не падводзіў, але было вядома, што адна і другая бібліятэкі налічвалі больш чым па тысячы кніг. І заўсёды на пачэсным месцы стаялі Купалавы “Шляхам жыцця”, “Паўлінка”, Коласавы “Сымон-музыка”, “У Палесскай глушы”, Багдановічаў “Вянок”. Лепш сказаць, не стаялі на палііцах, а заўсёды былі на руках у чытачоў.
      Наша маладое пакаленне расло ў трывожны час, перамагаючы бяду і смутак. Паліцыя закрыла бібліятэкі ў Вялікай Кракотцы і Чамярах, забараніла ставіць “Паўлінку” і другія п’есы беларускіх аўтараў. Разыходзячыся па хатах, не паглядзеўшы спектакля, жанчыны пракліналі “ахоўнікаў парадку” і прасілі ў бога здароўя Янку Купалу. Міжволі і я далучыўся да гэтай просьбы, хоць у бога ўжо не верыў.
       А потым было яшчэ горш. Больш як сто вучняў паліцыя выкінула з навучальнай установы, некалькі старэйшых хлопцаў кінулі ў турму. Было вельмі крыўдна, як пад канвоем везлі нас да бацькоў. Седзячы ў вагоне, мы паціху спявалі песню на словы Янкі Купалы : “Не пагаснуць зоркі ў небе”. Спявалі і верылі ў светлую будучыню. Не, я не праклінаў свой лёс. Я быў удзячны Івану Дамінікавічу, што ён першы адкрыў мне цудоўны свет – краіну Беларусь. Бясконца хацелася пабачыць гэтага незвычайнага чалавека, пачыць яго жывое слова.
Хаценні мае збыліся больш як праз дзесяць гадоў. Тройчы давялося сустрэцца з дарагім Іванам Дамінікавічам.
       Першы раз я бачыў Янку Купалу ў верасні 1939 года, калі ён прыязджаў у Слонім і наведваў Гальяша Леўчыка. Праўда, гутарыць з народным паэтам не прыйшлося. Я толькі з цікавасцю назіраў яго паходку, пільна ўслухоўваўся ў яго ціхі голас. Прызнаюся, здзіўляла яго прастата, сціпласць і нешта падобнае да нясмеласці.
Другі раз я ўбачыў гэтага вялікага песняра ў лістападзе таго ж года ў Мінску. Нас, заходнебеларускіх пісьменнікаў, паклікалі ў сталіцу рэспублікі на святкаванне гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Праходзілі вечары, сустрэчы. Дарэчы, тады ж першы раз я ўбачыўся з Максімам Танкам, Нінай Тарас, Ганнай Новік і другімі сябрамі па пяру і барацьбе.
       Найцікавей прайшла трэцяя сустрэча з народным песняром. І адбылася яна ў Лідзе ў 1940 годзе, калі Янка Купала як кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР прыехаў туды. Валянцін Таўлай, які працаваў у лідскай раённай газеце “Уперад”, запрасіў заходнебеларускіх пісьменнікаў на гэты літаратурны вечар, каб дарагому госцю стварыць прыемнае акружэнне. Вядома, я з вялікай ахвотай прыняў запрашэнне і з’явіўся без спазнення.
       Купала быў задаволены сустрэчай з намі, радасцю свяціліся яго вочы. Але разам з тым на яго твары прабіваўся нейкі ледзь улоўны смутак, пэўна таму, што прыхварэў. І ўсё ж гутарка атрымалася шчырая, задушэўная. Яго цікавіла ўсё да драбніц, як мы жылі, дзе і як прыходзілася друкавацца і г.д. На развітанне кожнаму з нас падарыў кніжку твораў з аўтографам. Мне дастаўся, здаецца, томік выбранай паэзіі. На жаль, уся мая невялікая бібліятэка, у тым ліку і гэты дарагі падарунак, загінулі ў час нямецка-фашыстскай акупацыі. Затое берагу, як дарагую рэліквію, кнігу выбраных вершаў паэта, выдадзеную Дзяржаўным выдавецтвам БССР і падараваную Уладзіславай Францаўнай у 1946 годзе. На кнізе яе рукою зроблены надпіс : “На шчыры ўспамін аб Купале, дзякую ад усяго сэрца за кніжку Янкі”. А кніжка, за якую дзякавала цёця Уладзя, гэта “Шляхам жыцця” з давераснёўскім штампам Вялікакракоцкай бібліятэкі-чытальні імя Янкі Купалы.
     Імя Янкі Купалы… На ўсіх этапах майго жыцця яно свяціла і свеціць яснай зоркай. Яго словы, як сонечныя праменні, даходзілі і да нас, на акупіраваную гітлераўцамі Слонімшчыну. Дайшоў да нас верш “Беларускім партызанам”, які я, падпольшчык і народны мсцівец, успрыняў тады як зварот да сябе, як працяг размовы ў Лідзе.
     Цяпер, у мірныя гады, я ўвесь час раўняюся на дарагога песняра, хоць гэта і недасягальна. Беларусь шчаслівая, што сярод нас жыў, тварыў і пакінуў вечны след такі волат слова, як Янка Купала. 

Віньетка.png
Таўлай.png
полоска.png
В. Таўлай. Сустрэчы з Янкам Купалам у Лідзе // Пуцявінамі Янкі Купалы : Дакументы і матэрыялы / уклад., уступ. артыкул і імян. паказ. Г. В. Кісялёва; рэд. В. В. Барысенка, М. І. Мушынскі. – Мінск: Навука і тэхніка, 1981. – 312 с., іл.

В. Таўлай. Сустрэчы з Янкам Купалам у Лідзе

        Гэта было ў лютым 1940 года, у Лідзе, у першыя месяцы пасля вызвалення Заходняй Беларусі і ўз’яднання беларускага народа.
    Набліжаліся выбары ў Вярхоўныя Саветы СССР і БССР. Працоўныя заходніх абласцей Беларусі вылучалі і абмяркоўвалі кандыдатуры народных пасланцоў.
     Калі на перавыбарчым сходзе Лідскага чыгуначнага вузла было названа імя Янкі Купалы як кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР – шчыры энтузіязм ахапіў людзей. Імя Янкі Купалы праз доўгія гады польскай акупацыі было жывым сімвалам еднасці беларускага народа. Многія старыя чыгуначнікі ведалі Купалу яшчэ з дарэвалюцыйных часоў.
    Пабачыць сваімі вачыма Янку Купалу! Цяжка сабе ўявіць больш хвалюючую сустрэчу.
      Першая сустрэча адбылася ў чыгуначным клубе. Даволі вялікі зал быў да адказу запоўнен выбаршчыкамі. Яшчэ і на двары, перад клубам, тоўпіліся людзі. Хвіліны напруджанага маўчання і – зал ускалыхнула працяглая авацыя: на сцэну ўзыходзіць Янка Купала.
     Хоць у клубе было цёпла, Купала не распрануўся, толькі расшпіліў футра. На твары – усхваляванасць змагаецца з нейкай нядужнасцю, на ілбе блішчыць пот і Купала часта выціраецца хусцінкай.
   Хутка ўвесь зал абыходзіць вестка, што Янка Купала – хворы, у яго тэмпература. Тое, што народны паэт, не зважаючы на дрэнны стан здароўя, прыехаў да сваіх выбаршчыкаў, напаўняе сэрцы прысутных глыбокай удзячнасцю і яшчэ большай пашанай да яго.
        І вось слова прадстаўляецца кандыдату.
    Купала гаварыў аб вялікай радасці, якую ён адчувае, знаходзячыся на зямлі, па якой 20 год не хадзілі яго ногі. Ён выказвае пачуццё глыбокай удзячнасці да Чырвонай Арміі […] за спраўджаны сон аб уз’яднанні беларускага народа.
     Пасля выступалі выбаршчыкі – чыгуначнікі і паэты, настаўнікі і вучні. Зусім малая дзяўчынка ўзрушыла Купалу, прадэкламаваўшы яго верш “Абвілася краіна ў кветкі”.
     На агульнае жаданне працоўных горада і раёна адбыліся яшчэ дзве сустрэчы з народным паэтам. На адной Купала сустрэўся з інтэлігенцыяй горада, на другой – з сялянамі. Кожны раз народу збіралася больш, чым мог змясціць найбольшы зал горада. Сяляне, напрыклад, прыходзілі за некалькі дзесяткаў кіламетраў. Усе людзі ціснуліся да сцэны, многія прасілі слова, каб расказаць, чым Купала быў для іх у жыцці.

        Перад выездам з Ліды Янка Купала сустрэўся з групай маладых паэтаў, якія на вестку аб яго прыездзе сабраліся з усёй Баранавіцкай вобласці. Народны паэт хацеў пазнаёміцца і пагутарыць з імі. Гэта былі – паэтэса Ніна Тарас, паэт Анатоль Іверс, сялянскі паэт-самавук Пятрусь Граніт. На развітанне Купала ахвяраваў кожнаму з іх па сваёй кнізе.
       Мне асабіста Купала ахвяраваў паэму “Над ракою Арэсай” з надпісам, які назаўсёды астаўся ў маёй памяці: “Таварышу Валянціну Таўлаю на ўспамін аб сустрэчы ў Лідзе – Янка Купала”. Гэтая кніга разам з іншымі дарагімі дакументамі майго жыцця беспаваротна загінула ў вайну. Успамінаючы загінуўшую кніжачку ў зялёнай вокладцы, я кожны раз адчуваю востры боль: ужо ніколі Янка не ахвяруе ні мне, ніводнаму з нас сваёй кнігі.

 

ЦДАМЛіМ БССР, ф.68, воп. 1, спр. 149, лл. 10-12. Машынапіс з аўтарскай праўкай. Падпісана: Валянцін Таўлай6
1 Таўлай Валянцін Паўлавіч (1941 – 1947) – беларускі савецкі паэт, дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі. У 1945 – 1947 гг. навуковы супрацоўнік і намеснік дырэктара Літаратурнага музея Я.Купалы. Напісаў шэраг артыкулаў пра Купалу і яго музей. Публікуемыя ўспаміны, як відаць з паметак на рукапісе, напісаны ў 1946 г.
2 Я.Купала знаходзіўся ў Лідзе з 13 да 15 сакавіка 1940 г.
3 Тарас Ніна Міхайлаўна (нар. у 1916 г.) – беларуская савецкая паэтэса.
4 Іверс Анатоль (сапр. Міско Іван Дарафеевіч; 1912 – 1999) – беларускі савецкі паэт.
5 Граніт Пятрусь (сапр. Івашэвіч Іван Пятровіч; (1909 – 1980) –беларускі савецкі паэт.
6 У справе ёсць таксама чарнавыя накіды да гэтых успамінаў.

 

Віньетка.png
Урбановіч.png
полоска.png
Урбановіч, У.  Янка Купала і Лідчына / У.Урбановіч // Уперад. – 1990. – 12 чэрвеня.

Янка Купала і Лідчына

    Янка Купала як паэт быў добра вядомы насельніцтву Лідчыны ў давераснёўскі час. У трыдцатыя гады, калі ў заходнебеларускіх вёсках шырокае распаўсюджванне набылі гурткі сялянскай моладзі, арганізаваныя польскімі ўладамі, самымі папулярнымі формамі культуна-асветніцкай работы на сяле сталі самадзейныя спектаклі. Але ставіць на сцэне толькі польскія п’есы моладзь нехацела. Знайшлі кампраміс: у спектакль уключалі дзве п’есы – польскую і беларускую. У антракце не толькі мянялі дэкарацыі, але і дэкламавалі вершы, спявалі беларускія народныя песні.
       П’еса на польскай мове ставілася першай. Змест антракта і другая частка былі беларускімі. Дазвол на спектакль давалі ўлады ў павеце пасля праверкі зместу п’ес. Матэрыялы, якія выкарыстоўваліся ў антракце, ішлі па дазволу мясцовага настаўніка.
     У рэпертуары гэтых спектаклей найчасцей ішлі п’есы Янкі Купалы “Паўлінка”, Міхася Чарота “Мікітаў Лапаць”, Марка Крапіўніцкага “Пашыліся ў дурні” і “Па рэвізіі”, радчэй купалаўскі “Раскіданае гняздо”, “На куццю” і “Тутэйшыя”. На апошнія ўлады неахвотна давалі дазвол або найчасцей забаранялі іх. У перапынках, калі на пастаноўцы не прысутнічала паліцыя, можна было пачуць вершы Янкі Купалы “Над Нёманам” , “Гэй, наперад!” моладзь перачытвала і дэкламавала “Прарок”, “Ворагам беларушчыны”, “Песня званара” і іншыя.
      Змест п’ес і вершаў Янкі Купалы быў зразумелы для ўсіх, сугучны поглядам моладзі, падтрымліваў у яе  дух беларускасці, узгадоўваў нацыянальную свядомасць, веру ў здзяйсненне народных мар і імкненняў.
       І не выпадкова пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі ў адзінай Савецкай дзяржаве лідчане вылучылі Янку Купалу кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. Вось менавіта ў гэты час Янка Купала і наведаў горад Ліду.
       Я ў той час вучыўся ў сярэдняй школе № 3, што за чыгункай, якую так і называлі “чыгуначнай”. А паколькі Я.Купала балаціраваўся па Лідскай чыгуначнай выбарчай акрузе, то і сустрэча адбывалася ў клубе чыгуначнікаў, і нашай школе было даручана пасля сустрэчы даваць канцэрт. Такім чынам і мне пашчасцілася быць на гэтым вечары, пабачыць і пачуць першы і апошні раз Янку Купалу.
     У Ліду Янка Купала прыехаў 13 сакавіка 1940 года. Сустрэча адбылася назаўтра, 14 сакавіка. Як сёння памятаю – гэта быў чацвер. Цэлы дзень у школе тыя, хто браў удзел у канцэрце, рэпеціравалі, рыхтаваліся. Гучалі беларускія, польскія і рускія вершы і песні, былыя гімназісткі рыхтавалі нейкія танцы, фізкультурнікі – свае нумары. Настрой ва ўсіх быў прыўзняты – гэта быў першы канцэрт нашых школьнікаў, а нас, беларусаў, хвалявала і сустрэча з Купалам, тым самым Янкам, партрэт і вершы якога былі ў нашых школьных хрэстаматыях, п’есы якога некаторыя бачылі на самадзейнай сцене.
      Запомніўся доўгі стол, засланы чырвоным. За ім людзі ў гімнасцёрках і чыгуначнай форме. Сярод іх у цэнтры ў цёмным касцюме, белай сарочцы і гальштуку сядзеў Купала, такі ж, як на партрэтах у школьных падручніках: гладка прычасаныя валасы, добры, лагодны позірк і нешта такое, што рабіла яго родным і дарагім для гледача. Нешта гаварылі людзі ў гімнасцёрках, чыгуначнай форме, нешта гаварыў і Янка Купала. Пасля ён чытаў свае вершы. Упершыню я пачуў “Накарміліся панскаю ласкай”, “З новай думкай” і яшчэ нешта. Зала апладзіравала, паэт кланяўся, пасля пайшоў на сваё месца, узмахнуў рукою, мабыць, дзякаваў  за воплескі, яшчэ раз пакланіўся і сеў. Пасля выступлення Ніна Тарас, чытала свае вершы. Запомнілася яшчэ выступленне Валянціна Таўлая (ён і Ніна Тарас працавалі ў той час у газеце “Уперад”). Малады, стройны юнак лёгка падняўся на сцэну, пакланіўся прысутным і, не заходзячы на трыбуну, па памяці пачаў чытаць верш “Чырвоным урнам радасць занясі”. Мяне разілі незвычайная натхнёнасць паэта, яго позірк, голас, глыбокая ўсхваляванасць, змест верша:

Народзе мой! О,
                 Беларусь – дзяржава,
           крутымі сцежкамі цябе
                   вялі, вялі
да дзён, што на
             абломках крат іржавых
ідуць па роднай
               матухне- зямлі.
           Калісь – даўно – адзін
                                   гусляр вялікі
     складаў свой сказ, 
                                     успоены тугой,
І сказам тым цябе 
                   будзіў і клікаў –
ты гусляра любіў і
                   гуслі знаў яго.
Калісь – даўно – о,
                        гуслярова рэха! –
       другі пясняр знямелых
                                    сёл і ніў
з турмою дужаўся і
                                                       сумаваў па стрэхах 
і адзінаццаць год на
                                                ночы размяніў.
Калісь – даўно,
       каб здраду абязвечыць;
    твой родны сын панёс
                                             жыцця красу
туды, дзе перад катам 
                                                 юда сведчыў, - 
і прагрымеў твой 
                                                          праведны прысуд.
З мінуўшчыны ішлі
                                                     сыны дазорам
у далеч, пры якой
                                                   цяпер стаім,
     каб не хацелі ранкам
                                                       гаснуць зоры
                          над сённяшнім вялікім 
                                                  днём тваім.
Паглянь, ідзе гусляр
                                                        к табе здалёку –
затужанай ступою
                                                         песціць даўні след,
раскованым крылом
                                                      змятае сны твой сокал
і на шляху – твой 
                                                  мучанік – паэт.
Каго пашлеш, калі
                                                     не іх , любімых,
у Дом урада або ў 
                                                       Крэмль – палац,
дзе партыя з вялікім 
                                                     цвёрдым імем,
што сонцу загадала 
                                             запалаць.
Народзе мой, з
         дзяржаўнасцю абвенчан,
чырвоным урнам 
                                                      радасць занясі –
хай на ўспамін вякам 
                                                    вяршыцца веча
зямлі, апранутай у 
                                                 золата і сінь!

     23 сакавіка 1940 года напярэдадні выбараў у Вярхоўны Савет СССР і БССР гэты верш быў надрукаваны ў газеце “Уперад”.
   Яшчэ не заціхлі воплескі пасля выступлення В.Таўлая, як на сцэну паднялася маленькая дзяўчынка і стала побач з паэтам. Яна была такая маленькая, што галоўка не дасягала краю стала. Яна пачала нешта гаварыць. Раптам Янка Купала падняўся са свайго месца, выйшаў з-за стала, узяў дзяўчынку пад пахі і паставіў на стол. Дзіцё разгубілася. Валянцін Таўлай нешта сказаў ёй (гэта была яго сястра), жэстам рукі падбадзёрыў. І яна пачала нешта гаварыць ціхім голасам. Скончыла, павярнулася тварам да прэзідзіума і пакланілася. Янка Купала абняў яе і пацалаваў.  Дзяўчынка саскочыла са стала і пабегла ў залу, якая грымела воплескамі.
       15 сакавіка Янка Купала вярнуўся ў Мінск.
   24 сакавіка адбыліся выбары, Купала стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Праз тры дні ў газеце “Известия” з’явіўся яго артыкул “Маім выбаршчыкам”, у якім паэт пісаў: “Якая гэта вялікая радасць для мяне, пісьменніка, які 35 гадоў пісаў песні аб родным беларускім народзе! Я глыбока ўдзячны маім выбаршчыкам – працоўным Лідскага раёна, якія аказалі мне вялікі гонар выбраннем у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. Да канца дзён маіх я буду верна служыць народу, вялікай справе Леніна…”
       У першы дзень Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску згарэў дом паэта і ўсё, што ў ім знаходзілася. Гэта не дазволіла даследчыкам расказаць нам аб Купале-дэпутаце, аб яго сувязі са сваімі выбаршчыкамі. Лідскі клуб чыгуначнікаў, здаецца, захаваўся да нашых дзён. Ці ж не клопат лідскім краязнаўцам адшукаць яго і адзначыць нейкім памятным знакам. Гэта ж слаўная старонка нашай культуры.

 

© 2022 ДУК «Лідская раённая бібліятэчная імя Янкі Купалы»,
Design and development Darya Martsinkevich

bottom of page