Яго імя носіць бібліятэка
Фактаграфічная база дадзеных
Памятае Лідчына Купалу
Кожны дзень набліжае нас да знамянальнай даты – 100-годдзя з дня нараджэння вялікага песняра беларускага народа Янкі Купалы. Па рашэнню ЮНЭСКА юбілей народнага паэта будзе адзначацца ў 126 краінах свету.
Цяпер, напярэдадні вялікага юбілею, асаблівую ўвагу прыцягваюць мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю Янкі Купалы. У гісторыі Лідчыны таксама ёсць старонкі, пазначаныя светлым імем класіка беларускай літаратуры. Старажытныя вуліцы горада памятаюць яго крокі, у сэрцах многіх лідчан захаваўся незабыўны вобраз Янкі Купалы…
15 лютага 1940 года рабочыя і служачыя Лідскага чыгуначнага вузла на сваім першым перадвыбарным сходзе аднагалосна прапанавалі вылучыць кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР народнага паэта Беларусі Янку Купалу. Гэту прапанову падтрымалі ўсе працоўныя горада і раёна.
13 сакавіка 1940 года Янка Купала прыехаў у Ліду на сустрэчу з выбаршчыкамі. Разам з ім прыехалі са сталіцы Пятро Глебка, Алесь Кучар, Зэлік Аксельрод. Спыніліся пісьменнікі ў былым атэлі “Брыстоль” па вуліцы Сувальскай цяпер вуліца Савецкая). У Лідзе да іх далучыліся мясцовыя паэты Валянцін Таўлай, Ніна Тарас, Анатоль Іверс, Пятрусь Граніт (Іван Івашэвіч).
Першая сусрэча Купалы з выбаршчыкамі адбылася ў чыгуначным клубе. Убачыць і паслухаць народнага паэта сабралася каля 700 чалавек. Янка Купала звяртаючыся да сваіх выбаршчыкаў, сказаў: “… Я абяцаю вам сумленна служыць народу да канца маіх дзён. Да Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі я спяваў аб горы беларускага народа, аб яго горкай нядолі. У Савецкай краіне я спяваю аб шчасці свабоднага народа, аб яго росквіце ў дружнай сям’і народаў СССР…”
Днём 14 сакавіка адбылася сустрэча Янкі Купалы з сялянамі Лідскага раёна ў былым кінатэатры “Эдысон”. Давераная асоба кандыдата, пісьменнік Алесь Кучар, расказаў прысутным пра жыццёвы і творчы шлях народнага паэта. Я.Купала прачытаў некаторыя са сваіх вершаў на заходнебеларускія матывы.
У той жа дзень, 14 сакавіка, адбыўся вечар у гарадской бібліятэцы, якая цяпер носіць імя вялікага песняра. Янка Купала падарыў бібліятэцы сваю кнігу “Над ракой Арэсай” з цёплым надпісам. Пазней паэт паклапаціўся аб папаўненні бібліятэчнага фонду кнігамі беларускіх і рускіх савецкіх пісьменнікаў.
15 сакавіка ў кінатэатры “Эра” (у гэтым будынку цяпер размяшчаецца гарадскі Дом культуры) адбыўся вялікі літаратурны вечар. З дакладам аб стане беларускай літаратуры выступіў Алесь Кучар. Свае вершы прачыталі Янка Купала, Пятро Глебка, Валянцін Таўлай, Анатоль Іверс, Пятрусь Граніт.
Перад ад’ездам з Ліды Купала сустрэўся з маладымі мясцовымі паэтамі. Паслухаў іх вершы, падарыў свае кнігі з аўтографамі…
24 сакавіка 1940 года Янка Купала быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР ад Лідскай выбарчай акругі і яму ўручылі дэпутацкі білет № 306, які захоўваецца зараз у Літаратурным музеі песняра ў Мінску.
У канцы сакавіка ў артыкуле “Маім выбаршчыкам”, надрукаваным у газеце “Известия”, Купала пісаў: “Я глыбока ўдзячны маім выбаршчыкам – працоўным Лідскага раёна, якія аказалі мне высокі гонар, выбраўшы ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. Да канца маіх дзён я буду верна служыць народу, вялікай справе Леніна…”.
Прайшло больш як 40 гадоў з тых памятных дзён, але і сёння ганарацца лідчане тым, што адна са старонак жыцця вялікага беларускага песняра мае непасрэднае дачыненне да іх горада, да гісторыі іх роднага краю.
Х. Лялько,
навуковы супрацоўнік
Літаратурнага музея
Янкі Купалы.