Яго імя носіць бібліятэка
Фактаграфічная база дадзеных
Да 100-годдзя з дня нарадэння
Народны дэпутат
Сёння ў нас ёсць усе падставы для асаблівай гордасці: сорак два гады таму назад працоўныя Лідчыны абралі сваім першым дэпутатам у Вярхоўны Савет БССР песняра народных дум Янку Купалу. Пажылыя людзі і цяпер памятаюць тую далёкую раннюю вясну, калі адбыліся хвалюючы сустрэчы працоўных горада і раёна са сваім дастойным кандыдатам А было гэта так.
15 лютага 1940 года рабочыя, інжынеры, тэхнікі і служачыя чыгуначнага вузла на сваім перадвыбарным сходзе аднадушна прапанавалі вылучыць кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР народнага паэта Беларусі Янку Купалу. Гэту прапанову з запалам падтрымалі і сяляне Лідскага раёна на сваіх сходах у вёсках Ліпнішкі, Бердаўка, Ганчары, Беліца, Ваверка, Крупава, Парачаны. Дружна рашылі: “Вылучыць тав. Луцэвіча Івана Дамінікавіча (Янку Купалу) кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР і прасіць яго даць згоду балаціравацца па Лідскай Слабадской выбарчай акрузе №306 Беларускай ССР. (Заўвага: Слабада – прыгарад Ліды, у той час пасёлак ля горада пры ўездзе ў Ліду з боку Гродна).
І вось 13 сакавіка 1940 года Янка Купала прыехаў у Ліду не проста як жаданы госць, а як кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР на сустрэчу з выбаршчыкамі. Купала зноў убачыў свой родны край вызваленым. Тут, у Заходняй Беларусі, ён нарадзіўся, тут парабкаваў, адсюль пайшла ў свет яго песня, якая клікала беларусаў “заняць пачэсны пасад” сярод народаў.
Разам з кандыдатам у Ліду прыбылі Зэлік Аксельрод, Пятро Глебка, Алесь Кучар. Госці спыніліся ў гасцініцы па вуліцы Сувальскай (цяпер вул. Савецкая), былым гатэлі “Брыстоль”, нацыяналізіраваным Савецкай уладай у верасні 1939 года. Харчаваліся мінчане ў лепшай сталоўцы горада, так званай “Амерыканцы”, былым шыкоўным рэстаране.
На жаль, Іван Дамінікавіч прыхварэў, а тут, як на ліха, адліга, макрата, што ў туфлях цяжка прайсці нават па тратуары, каб не замачыць ногі. Рабочыя гумовай фабрыкі “Ардаль” улічылі гэта і падарылі дарагому госцю пару галёшаў. Купала доўга аднекваўся, але пры агульных намаганнях здаўся і прыняў сціплы падарунак.
Да спадарожнікаў Купалы ў Лідзе далучыліся і мясцовыя паэты Валянцін Таўлай і Ніна Тарас (літработнікі газеты “Уперад”), Анатоль Іверс (літработнік Слонімскай газеты “Вольная праца”) і Іван Пятровіч Івашэвіч (друкаваўся пад псеўданімам Пятрусь Граніт). Гэта В. Таўлай выклікаў А.Іверса і П. Граніта ў Ліду на сустрэчу з Я.Купалам.
У першы ж дзень Янка Купала зацікаўлена агледзеў горад. Пад шэрым задымленым небам ляжаў невялікі гарадок пераважна з аднапавярховых пабудоў. Толькі ў цэнтры ўзвышаліся значныя камяніцы. Сярод крывых вулачак вызначаліся дзве Сувальская (цяпер Савецкая) і 3-га Мая (цяпер Ленінская).
Сувальская – цэнтральная магістраль горада. Яна пачыналася непадалёку ад старажытнага замка. Усцяж яе ўзвышаліся касцёл, сінагога, праваслаўны сабор. Паабапал вуліцы цесна згрудзіліся адміністрацыйныя будынкі, асабнякі былых багацеяў, іх крамы, перададзеныя цяпер пад жыллё бяздомным. Тут жа знаходзіліся і тры кінатэтры – “Эдысон”, “Эра” і дзіцячы “Кіно маленькі”.
Першая сустрэча з выбаршчыкамі адбылася ў святочна ўпрыгожаным чыгуначным клубе па вуліцы Каляёвай (Чыгуначнай), цяпер Труханава. Да канца верасня 1939 года ў гэтым будынку быў клуб-рэстаран чыгуначнікаў “Агніско каляёва”. Пасля вызвалення яго пераабсталявалі пад клуб чыгуначнікаў. Гэта быў доўгі аднапавярховы драўляны будынак, які складаўся з глядзельнай залы са сцэнай, бібліятэкі-чытальні, більярднай, буфета і сталовай. Пазней, у першы дзень вайны, у яго трапіла нямецкая бомба, і будынак згарэў. Цяпер на месцы былога чыгуначнага клуба знаходзяцца склады і чыгуначная адгрузачная пляцоўка завода харчовых канцэнтратаў.
Сюды на сустрэчу са сваім любімым паэтам сабралася звыш 700 чалавек. Рабочыя, служачыя, настаўнікі цёпла сустрэлі Янку Купалу. Хоць у памяшканні было цёпла, Іван Дамінікавіч не распранаецца, толькі расшпіліў каўнер. На твары ўсхваляванасць змагаецца з нейкім недамаганнем: лоб пакрыўся потам, і паэт час ад часу выцірае яго хусцінкай. Па ўсім бачна, што ў яго тэмпература. Але Янка Купала ўсё роўна не адклаў сваёй сустрэчы. Прысутныя ўсім сэрцам разумелі самаахвярнасць народнага песняра і радаснымі ўсмешкамі, дружнымі апладысментамі падбадзёрвалі яго, шчыра выказвалі яму за гэта прызнанне і ўдзячнасць. (Гл. “Пуцявінамі Янкі Купалы”. Уклад. Г.В. Кісялёў. 1981 г., стар. 243, В. Таўлай. Сустрэчы з Купалам).
З прамовамі выступілі маляр дэпо Арон Фрэнкель, начальнік паравознага аддзела Іван Варатнікоў, кандуктар Міхась Гайдучак, паэтэса Ніна Тарас і іншыя. Усе яны з любоўю гаварылі пра Янку Купалу.
- Мы памятаем, - гаварыў І. Варатнікоў, - як вершы Янкі Купалы ўзнімалі беларускі народ на барацьбу з прыгнятальнікамі. У змрочныя гады белапольскага ўціску вершы Купалы ўсялялі ў народныя масы бадзёрасць і веру ў шчаслівую будучыню. І гэта шчасце прыйшло. Цяпер мы бачым нашага паэта на яго роднай беларускай зямлі, вызваленнай ад панскіх кайданаў. Яму, нашаму любімаму паэту, увесь беларускі народ з радасцю аддасць свае галасы. (Гл. газету “Звязда” № 61 ад 15 сакавіка 1940 г., “Сустрэча з народным паэтам”).
Настаўніца Стэра Таўлай (першая жонка В. Таўлая, яўрэйка, немцы расстралялі яе ў кастрычніку 1941 года, пахавана ў брацкай магіле ў лесе на поўнач ад Ліды) горача вітала Янку Купалу ад імя інтэлігенцыі горада. Паэтэса Ніна Тарас прачытала вершы, прысвечаныя любімаму паэту. Вучні чыталі вершы Янкі Купалы. І, нарэшце, шасцігадовая Ніна Тарас, сястра В.Таўлая (цяпер жыве ў Вільнюсе), стоячы на краі сцэны, тоненькім галаском прачытала Купалаў верш “Абвілася краіна ў кветкі”, моцна расчуліўшы паэта.
- Ад усяго сэрца, - гаварыў паэт, - дзякую вам за вялікі гонар, аказаны мне, савецкаму пісьменніку. Больш як 35 гадоў я служыў сваёй творчасцю народу. Я абяцаю вам сумленна служыць народу да канца маіх дзён. Да Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі я спяваў аб горы беларускага народа, аб яго горкай нядолі. У Савецкай краіне я спяваю аб шчасці свабоднага народа, аб яго росквіце ў дружнай сям’і народаў СССР. (Газета “Звязда”, № 61 ад 15.03.1940 г.).
- Сёлета я прыехаў у мясціны мне добра знаёмыя, - працягваў Купала. – Недалёка ад гэтых мясцін я нарадзіўся, тут я пакутаваў і плакаў над лёсам майго народа. Недалёка ад гэтых мясцін – у Навагрудскім раёне – я служыў парабкам у пана. І вось 20 гадоў па гэтай зямлі не хадзілі мае ногі… Я памятаю вас прыгнечанымі, абяздоленымі. Тым больш вялікая мая радасць, калі бачу я вас цяпер свабоднымі і шчаслівымі…
Апошнія словы Янкі Купалы тонуць у буры авацый і воклічай.
Днём 14 сакавіка па гарачаму жаданню працоўных раёна адбылася сустрэча Янкі Купалы з сялянамі ў кінатэатры “Эдысон” (знаходзіўся на скрыжаванні вуліц Савецкай і Ленінскай, рэшткі гэтага будынка разабраны мінулым летам – жылы дом № 6 па вул. Савецкай). Каб убачыцца з паэтам, сяляне з навакольных вёсак ішлі ў горад пешшу і ехалі на фурманках за дзесяткі кіламетраў. У дзень сустрэчы вакол кінатэатра набралася сялянскіх вазоў і распрэжаных коней як на вялікім кірмашы. Яны запрудзілі ўсе прылеглыя вуліцы, завулкі, двары.
У глядзельнай зале людзей - няма яблыку дзе ўпасці, пахне моцным самасадам, аўчынай, потам. Алесь Кучар расказаў прысутным пра жыццёвы і творчы шлях кандыдата. Давераную асобу часта перапынаюць воплескамі. Затым сялянскія прамоўцы прасілі слова, каб ад усёй душы расказаць, чым быў паэт у іх нялёгкім жыцці. Вясковы настаўнік з Тракеляў Віктар Антончык прыгадаў аб сваёй даўняй сустрэчы з паэтам у Вільні.
Зала сцішылася: на ўскрайку сцэны стаіць ён, у паліто з шалевым футравым каўняром, узрушаны, далікатны і добры. Купала дзякуе за давер, папросту гаворыць з сялянамі аб жыцці і долі. З кута залы малады голас просіць дзядзьку Янку пачытаць вершы. Зала дружна падтрымлівае: “Просім, просім!”
Купала дастае запісную кніжку і ціхім голасам нараспеў чытае свае вершы на заходнебеларускія матывы (“Накарміліся панскаю ласкай…”, “Слава табе, Армія!”, “Ты з Заходняй, я з Усходняй”. Апошнім прагучаў верш “Сыходзіш, вёска, з яснай явы…”).
Скончыўся сход, але з кінатэатра ніхто не рушыцца. Да Купалы цягнуцца ўсё новыя і новыя людзі. Хто нагадвае пра былую сустрэчу, хто хоча ведаць “як яно будзе”, пытае парады, а хто моўчкі жадае паціснуць руку, зблізку ўбачыць вядомага паэта. Узрушаны, расчулены, Купала паволі пасоўваўся са сваімі спадарожнікамі па цесным жывым калідоры да выхаду. Дык вось яна – народная любоў і вялікая пасада на зямлі – народны паэт!
Вечарам песняра народных дум запрасілі на сустрэчу з чытачамі ў гарадскую бібліятэку, якая знаходзілася побач са старажытным замкам. У той час там меліся толькі польскія і яўрэйскія кнігі, зусім адсутнічала беларуская і руская літаратура.
Янка Купала цікавіўся кніжным фондам бібліятэкі, што чытаюць, даваў парады, абяцаў дапамагчы вырашыць рад праблем. Пасля выступлення ў гарадской ббібліятэцы дарагі госць падпісаў на ўспамін аб сустрэчы сваю кніжку “Над ракой Арэсай” (4-е выданне, Мн.,1937 г.) і перадаў у дар чытачам. Гэта была першая беларуская кніжка ў гарадской бібліятэцы ў сакавіку 1940 года! Цяжка ў гэта паверыць, але гэта дакументальны факт. Са свайго боку работнікі бібліятэкі прыпаднеслі Янку Купалу зборнік вершаў Марыі Канапіцкай на польскай мове “Паэзія”.
Пазней, калі Купала вярнуўся ў Мінск, ён прыклаў нямала намаганняў, каб папоўніць кніжны фонд гарадской бібліятэкі савецкай літаратурай. І не дарэмна. Ужо ў маі тут атрымалі больш як 4000 кніг на беларускай і рускай мовах. (Гл. газету “Уперад” за 25 чэрвеня 1940 г., заметка Пятрова “У гарадской бібліятэцы”). Гэта быў падарунак бібліятэк сталіцы. У чэрвені пры бібліятэцы адкрылася дзіцячая бібліятэка з кніжным фондам каля тысячы кніг на беларускай, рускай, польскай і яўрэйскай мовах. Пашырана чытальня пры бібліятэцы, станоўча вырашана пытанне з фінансаваннем бібліятэкі. Нездарма цяпер наша бібліятэка носіць імя Янкі Купалы!
15 сакавіка ў самым вялікім будынку горада (змяшчаў больш як 900 чалавек) – кінатэатры “Эра” адбылася сустрэча “уладара беларускай песні” з інтэлігенцыяй горада. Гэты будынак захаваўся і зараз. Цяпер тут гарадскі Дом культуры. У кінатэатры “Эра” тады быў наладжаны вялікі літаратурны вечар. Сабраліся тут і шчырыя прыхільнікі беларускай паэзіі, і скептыкі (фі-мужыцкія песенькі), і проста цікаўныя. Перад прысутнымі з дакладам аб беларускай савецкай літаратуры выступіў Алесь Кучар. Затым свае вершы чыталі Янка Купала, Пятро Глебка, Валянцін Таўлай, Ніна Тарас, Анатоль Іверс, Пятрусь Граніт, Зэлік Аксельрод. Апошні прачытаў некалькі вершаў Я.Купалы ў перакладзе на яўрэйскую мову. Выступаўшых прысутныя сустракалі прыязна. Гэта была першая “імпрэза беларускіх вершаў” такога маштабу ў перадваеннай Лідзе.
Перад ад’ездам Янка Купала сустрэўся з групай маладых паэтаў, якія сабраліся тут з усёй Баранавіцкай вобласці. Народны паэт хацеў пагутарыць з імі. Сустрэча гэта была таварыская, сардэчная, шчырая. Купала распытваў “заходнікаў” пра іх былое жыццё, як жылі тут за польскім часам парабкі ў панскіх маёнтках, беспрацоўныя ў горадзе, палітычныя зняволеныя ў белапольскіх астрогах, пра рэвалюцыйныя забастоўкі, пра паводзіны асаднікаў. Мабыць, народны пяснар збіраў матэрыял для сваіх новых твораў. Не раз ён гаварыў у Лідзе, што адчувае сябе ў даўгу перад “заходнікамі”, бо мала пісаў пра іх жыццё.
Пятрусь Граніт прынёс з сабою на гэту сустрэчу скрутак старых газет і часопісаў, дзе былі надрукаваны яго вершы. З цікавасцю Купала разглядаў беларускія газеты і часопісы, якія выдаваліся ў Вільні да 17 верасня 1939 года.
Пагутарыўшы з маладымі паэтамі, Іван Дамінікавіч хлебасольна запрасіў іх разам паабедаць. Заказаў сваім гасцям абед з чатырох страў, з чаркай і півам. Калі паэты памкнуліся плаціць, перапыніў іх: “Хлопцы, хлопцы, у мяне, мабыць, больш грошай…”
На развітанне кожнаму з паэтаў Янка Купала падарыў сваю кнігу з надпісам.
24 сакавіка 1940 года Янка Купала выбіраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР ад Лідскай Слабадской выбарчай акругі і яму ўручаецца дэпутацкі білет № 306.
На Лідчыне свята ўшаноўваюць памяць вялікага песняра, свайго першага дэпутата ў рабоча-сялянскім парламенце рэспублікі.