top of page
глав-1.png

Яго імя носіць бібліятэка

Фактаграфічная база дадзеных
ЯК.png
З нашых маладых паэтаў не кожны можа пахваліцца сваім самым любімым пісьменнікам. Не кожны адкажа, які талент яму найбольш па душы – Купалы ці Танка, Куляшова ці Панчанкі. Добрых паэтаў мы любім неяк “оптам”, усіх патроху і, можа, таму – недастаткова глыбока, без належнага пранікнення ў іх мастацкі вопыт. Бо пранікнуць у гэты вопыт, зразумець паэта немагчыма, не знаходзячыся хоць некаторы час, як кажа Бялінскі, пад яго выключным уплывам, не палюбіўшы глядзець яго вачыма, слухаць яго слыхам, гаварыць яго мовай.
Цяперашнім паэтам часам вельмі не хапае школы аднаго якога-небудзь вялікага майстра, той вышыні, гледзячы на якую паэт пачынае сваё ўзыходжанне… Гэта са шкадаваннем адзначыў яшчэ Іаганес Бехер, высмейваючы тых маладых аўтараў, што ў пагоні за “арыгінальнасцю” грэбуюць воптам майстроў, не ўмеюць свядома ім карыстацца.
У гэтым сэнсе карысна адгарнуць некалькі старонак з творчых сувязей Валянціна Таўлая з вялікім Купалам. Напачатку хапала ўсяго: павярхоўнага пераймання, няўмелых, кажучы словамі Таўлая, “эпігонных спроб вершавання”, калі, “забыўшыся”, рука паўтарала купалаўскую рытміку і сімволіку, выпрабоўваючы яго вершаваныя памеры. Аднак гэтае захапленне было не толькі бядой маладога паэта, але і яго ратункам, і яно выхоўвала густ, адчуванне мастацкай меры, вяло глыбей да таямніц мастацкага слова.
Валянцін Таўлай прызнаваўся, што Купала быў яго “вялікім маральным падтрыманнем у найбольш цяжкія хвіліны”. Успомнім, што вельмі рана, на пятнаццатай вясне, жыццёвая сцежка маладога паэта напаткнулася раптам на шэрыя сцены турмы. Цесная камера пазбавіла юнага змаганца волі, “адабрадла рух”, але не надламала яго “духу вольнага”, не вырвала з сэрца таго маральнага падтрымання, што таілася ў вершах Купалы, прынесеных у памяці за краты. Купалаўскі паэтычны наказ ратаваў самае дарагое ў маладога  Таўлая – яго вытрымку, яго чысціню душы: “Не паніжай сам духу вольнага і ншым у паніжэнне не давай”. Заўсёды, калі душы было найцяжэй, Купала пачынаў гаварыць з ім неяк асабліва задушэўна, як з малодшым таварышам па барацьбе: “Не ўздыхай, не бядуй, брат засмучаны мой!” Трэба сабрацца з сіламі, уступіць у паядынак з кратамі і песняй натхняць другіх:
   Будзь смелым!.. Магутна ярмо друзгачы!
   Ідзі сам наперад другіх вядучы!..
Таўлай успамінае, што пазней, ужо “на Лукішках” яму давялося прачытаць на сцяне радкі Купалы: “За свабоду сваю ўсёй душой пастаю; у агонь, у ваду я за ёю пайду”. І Таўлай, як і той невядомы рэвалюцыянер, што высек на сцяне купалаўскія словы, прысягаў быць непахісным да канца:
   Будзе смылець скатаванае цела,
   І вочы памеркнуць, як зоры,
   Але з глыбінь маіх набалелых
   Ні слова не вырве вораг.
Быў у маладога Таўлая, аднак, і шчаслівы, сонечны прасвет у жыцці – суцэльная паласа кіпучай працы, вучобы, кахання, якімі да краёў былі запоўнены два гады прабывання ў савецкім Мінску на пачатку 30-х гадоў. Таўлаю ўпершыню сапраўды пашанцавала, асабліва калі ўлічыць, што гэтыя два гады ён павінен быў правесці, згодна судоваму прыгавору, у турме. Партыйнаму падполлю патрэбен быў свой вопытны літаратар-журналіст, які б атрымаў належную, кваліфікацыйную падрыхтоўку ў Савецкай Беларусі. Так малады Таўлай трапіў у Мінск, у газету “Звязда”.
У лісце, які я атрымаў ад С.А. Жабінскага, ёсць цікавыя звесткі пра першае знаёмства Таўлая з Янкам Купалам. Гэтае знаёмства адбылося напрадвесні 1931 года на кватэры Купалы, да якога Жабінскі з Таўлаем па даручэнню рэдакцыі звярнуліся з прапановай даць на старонках газеты водпаведзь буржуазным заходнебеларускім пісакам з “Беларускага звону” і “Беларускай крыніцы”. Праз некалькі дзён Купала прынёс у “Звязду” сваю гнеўную водпаведзь у выглядзе “Ліста ў рэдакцыю”, а неўзабаве – і свой вядомы верш “А ў Вісле плавае тапелец…”.
Тады ж, вясной 1931 года, Таўлай быў прыняты ў пісьменніцкую арганізацыю БелАПП. Сярод белапаўцаў яшчэ не былі тады зжыты  рэцыдывы нігілістычных адносін да Купалы і Коласа. Але для Таўлая Купала з’яўляўся, як і там у Заходняй, “сцягам вызваленчай барацьбы”, настаўнікам, у паэзію якога ён не пераставаў углядацца з улюбёнасцю і падзякай. Кожнае слова Купалы, адрасаванае заходнебеларускаму народу, мела ў вачах Таўлая годнасць баявой зброі, што ішла ў арсенал нацыянальна-вызваленчай барацьбы, як, напрыклад, песня камунараў з паэмы “Над ракою Арэсай”, якая, паводле сведчання Таўлая, была яшчэ адным цёплым праменнем надзеі з Усходу.
Тужлівым болем адгукнуліся ў душы Таўлая цудоўныя радкі верша Купалы “Па Даўгінаўскім гасцінцы” – верша, які пазней падказаў Таўлаю цікавую задуму твора “Падарожны”. З вялікім пачуццём любові, дакладнымі паэтычнымі мазкамі, зрокава, нібы на карціне, намаляваў Таўлай велічную, трохі прыгнёную ад гора постаць Падарожнага-Купалы:
Ён з Мінска выязджаў знаёмым шляхам,
Пусціўшы пагалоску, што нядуж…
Увагу прыкоўвае па-мастацку выпісаны стан душы Купалы: калі ён зірнуў у той бок, дзе Акопы, у яго пад нагою ажно “заныў пясок прасёлачных дарог”. Мы разумеем : не песок, а гэта заныла, зашчыміла ад болю яго сэрца. Верш “Падарожны”  Таўлай заўсёды ахвотна чытаў  на літаратурных вечарах  і Купалаўскіх чытаннях.
Нельга абмінуць такую светлую падзею ў жыцці Таўлая, як сустрэча неўзабаве пасля памятнага верасня з Янкам Купалам у Лідзе. У архіве Таўлая захаваўся чарнавы накід успамінаў пра тыя дні: “Першая сустрэча, – піша ён, – у чыгуначным клубе. Немалы зал аказаўся малым да недарэчнасці. Людзі запоўнілі яго да адказу.  Хвіліна ўсхваляванага чакання – і зал атрасаюць працяглыя авацыі: на сцэну ўзыходзіць Янка Купала. Яго акружаюць кіраўнікі грамадскага жыцця горада, чыгуначнага вузла і маладыя паэты Заходняй Беларусі, якія на вестку аб сустрэчы з’ехаліся з розных куткоў вобласці.
Ва ўсёй постаці Янкі Купалы, у кожным яго жэсце – ніякай позы, адна запалоньваючая прастата вялікага чалавека.
Але хоць на сцэне цёпла, Купала не распранаецца, а толькі расшпіляе футру. На твары ўсхваляванасць змагаецца з нейкай нядужнасцю, на лбе выступае пот, хоць Купала выцірае яго хусцінкай.
Хутка ўвесь зал аблятае вестка, што Янка Купала – хворы, што ў яго  – тэмпература. У такіх умовах прыезд і сустрэча з выбаршчыкамі – гэта гераізм. Глыбокай удзячнасцю і яшчэ большай пашанай напаўняюцца сэрцы прысутных. Слова прадстаўляецца Купале. Усе прытаілі дыханне…
Купала гаворыць аб вялікай радасці, што ён ізноў на гэтай адвечнай беларускай зямлі, па якой дваццаць год не хадзілі яго ногі, аб пачуцці глыбокай удзячнасці Чырвонай Арміі  і Партыі за спраўджаны сон аб уз’яднанні беларускага народа”.
Тут добра перададзена ўсхваляванасць самога Таўлая, а таксама тых людзей, што ішлі тады за дзесяткі кіламетраў, каб толькі пабачыць Купалу. Многія ж “памяталі і любілі Купалу з далёкіх, дарэвалюцыйных гадоў”. І хоць па гэтай зямлі “дваццаць год не хадзілі яго ногі”, затое хадзіла яго песня – ад вёскі – да вёскі, ад сэрдца к сэрдцу.
Многія падрабязнасці сустрэчы Таўлай прамаўчаў з-за сціпласці. Гэта ён склікаў у Ліду усіх паэтаў вобласці на сустрэчу з Купалам. Анатоль Іверс успамінае цікавыя дэталі: “Таўлай напісаў мне пісьмо, каб я прыехаў у Ліду на сустрэчу выбаршчыкаў з народным паэтам. Таўлай там быў, калі можна так сказаць, галоўным закапёршчыкам. Ён рабіў усё, каб нашаму дарагому Янку Купалу было добра. Хоць Купала і прыхварэў, але на сустрэчу прыехаў. А тут, як назло, адліга, макрата, што ў туфлях цяжка прайсці па тратуары, каб не замачыць ногі. Валянцін гэта ўлічыў. Ён пабег на гумовую фабрыку і прынёс дарагому госцю падарунак рабочых – пару дабротных галошаў. Купала доўга аднекваўся, але пры нашым намаганні здаўся. На вечары сустрэчы Іван Дамінікавіч расказваў пра жыццё ў Савецкай Беларусі, чытаў свае вершы. Мы з Таўлаем таксама выступілі і чыталі вершы”.
Купала на адвітанне падараваў кожнаму з маладых паэтаў па сваёй кніжцы. “Мне асабіста, – піша Таўлай, – Янка Купала ахвяраваў паэму “Над ракою Арэсай” з надпісам: “Таварышу Валянціну Таўлаю на ўспамін аб сустрэчы ў Лідзе. – Янка Купала”. Гэтая кніга разам з іншымі дарагімі дакументамі майго жыцця беспаваротна загінула ў вайну. Успамінаючы загінуўшую кніжачку ў зялёнай вокладцы, я кожны раз адчуваю востры боль: ужо ніколі Янка Купала не ахвяруе ні мне, ніводнаму з нас сваёй кнігі”.
Цікава, што сувязь з Купалам не абарвалася і ў гады фашысцкай акупацыі, калі Таўлай выконваў на Наваградчыне нялёгкую службу партызанскага сувязнога. Бадай кожны нумар “Савецкай Беларусі”, які з Вялікай зямлі даходзіў да партызан, трапляў у рукі Таўлая. Улетку 1942 года Таўлай прывёз у Ліду да Ніны Тарас горкую навіну: не стала Янкі Купалы. У Ніны Тарас і цяпер перахоўваюцца перапісаныя ў той час рукой Таўлая вершы “Над магілай друга”  Коласа, “Памяці паэта” Буйло і інш. А таксама  верш Янкі Купалы “Беларускім партызанам”. Перапісванне рабілася з пропускамі па ўсіх правілах канспірацыі.
.  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .   .  .  .  .  .   .  .  .  .  .  .  .  .  .  
Пасля вайны Валянціна Таўлая, думаецца невыпадкова прывяла дарога да грунтоўнага вывучэння спадчыны Купалы. Ад яго ішоў ён на раннім этапе і да яго выпала прыйсці ўзмужнелым у баях. Ад першых дзён працы Літаратурнага музея Янкі Купалы Таўлай стаў найбліжэйшым памочнікам Уладзіславы Францаўны Луцэвіч, яе намеснікам, а пазней – старэйшым навуковым супрацоўнікам музея.
Таўлаю даводзілася аднаму з першых пачынаць вялікую працу па збору і вывучэнню Купалавай спадчыны. Ён з болем пісаў: “Сваю працу Літаратурны музей Янкі Купалы распачаў у выключна цяжкіх абставінах. Ад хаты Купалы засталіся адны руіны, попел яго багатага архіву і унікальнай бібліятэкі – развеялі вятры. Адзін высокі топаль вартаваў пажарышча, на ўспамін якога заўсёды будзе балець кожнае беларускае сэрца… Матэрыял збіраўся паперка да паперкі, фатаграфія да фатаграфіі, кніга за кнігай… Ворагам не ўдалося зацерці хоць бы матэрыяльныя сляды яго творчасці, не кажучы ўжо аб тым, каб спыніць безупынны ўплыў Купалы на барацьбу, на жыццё роднай Беларусі”
Таўлай быў натхнёным шукальнікам Купалавых скарбаў, тым пільным “следапытам”, якому пашанцавала аднаму з першых ісці маларазведанымі шляхамі жыццёвага і творчага летапісу Купалы. Вось адзін з радасных момантаў на гэтым шляху: Таўлай нечакана адшукаў урыўкі невядомай паэмы Купалы “Гарыслава” – і як яго ўсцешыла гэтая знаходка! На шчасце, тут аказаліся дзве рэдакцыі ўрыўкаў паэмы – іх можна было супаставіць і прааналізаваць выспяванне мастацкага слова Купалы. Таўлай з цікавасцю сочыць, як “складаецца вобраз”, як “слова становіцца адразу на сваё месца. Пранікнуць у тайнікі купалаўскай “лабараторыі” выгатаўлення мастацкага слова” – вось адна з важнейшых задач, якую ставіў сабе Таўлай.
Можа здзівіць шырыня даследчых задум яго па вывучэнню спадчыны Купалы. Таўлай ставіць, напрыклад, сваё прозвішча супраць такіх тэм: “Творчы працэс Янкі Купалы”, “Развіццё верша Янкі Купалы”, “Янка Купала – ідыёлаг нацыянальна-вызваленчай барацьбы беларускага народа”, “Метафары Янкі Купалы”, “Янка Купала і польская літаратура”, “Уплыў Янкі Купалы на фарміраванне паэтаў Заходняй Беларусі” – і ўсё гэта было разлічана на бліжэйшыя пяць год, тых, якія яму не суджана было пражыць.
Засталіся ў рукапісах сотні накідаў, выпісак, тонкіх назіранняў, Вось характэрны запіс: “Янка Купала. Увагі і думкі… У гады рэакцыі ў творчасці Купалы значна ўзмацніліся гістарычная тэма і тэма, так сказаць, “прыродаапісальная”. Купала ўсё часцей звяртаецца да народных легенд, паданняў, казак, да слаўнай мінуўшчыны беларускага народа, да хараства беларускай прыроды, чэрпаючы ў гэтым маральную сілу і ўпэўненасць у непераможнасці свабоднай думкі і імкненняў народа да шчасця, да лепшай долі. Гэтыя цудоўныя матывы, якія ўзбагачаюць скарбніцу не толькі беларускай, але і сусветнай літаратуры, некаторыя вузкія “сацыёлагі” спрабавалі неаднакроць лічыць “нацыяналістычным ухілам” вялікага паэта, адступленнем ад ідэі рэвалюцыйнай барацьбы. Якая ўбогасць мыслі, якое апашленне марксісцка-ленінскай навукі”.
Спасцігаючы ўсё глыбей душу Купалавай паэзіі, Таўлай аберагаў яе чысціню і сапраўднае, першароднае гучанне. Ён натхнёна гаврыў аб “замацаванні вялікіх творчых традыцый Купалы”, якія павінны стаць надзейнай падвалінай усёй беларускай культуры. “Я пішу, – паведамляў ён у друку, – папулярную біяграфію народнага паэта і рыхтую на першыя чэрвеньскія Купалаўскія чытанні даклад на тэму:”Янка Купала і Заходняя Беларусь”.
Так у выніку распрацоўкі гэтай тэмы нарадзіліся тры вядомыя цяпер артыкулы пра Янку Купалу. 
Але цяпер не ўсе ведаюць, што, зыходзячы з плённасці гэтай працы, Літаратурны музей Янкі Купалы хадайнічаў перад АН БССР аб прысваенні Валянціну Таўлаю навуковай ступені кандыдата філалагічных навук. “Таўлай упершыню, - гаварылася ў хадайніцтве, - на аснове вывучэння і апрацоўкі асабіста сабраных ім матэрыялаў раскрыў ролю Янкі Купалы ў барацьбе за вызваленне Заходняй Беларусі і ўз’яднанне беларускага народа, без чаго было б няпоўным наша ўяўленне аб Купале як аб народным паэце ўсёй Беларусі”.
Тое, што Таўлай стаў добрым купалазнаўцам, які праніклівымі, улюбёнымі вачыма ўглядаўся ў творчую спадчыну свайго настаўніка, не магло, вядома, не адбіцца самым плённым чынам на яго  паэтычным таленце. Наконт гэтага ў Таўлая ёсць адно вельмі важнае прызнанне: “Удзел у працы над спадчынай Купалы дае мне магчымасць глыбей зразумець стыхію яго вялікай паэзіі з карысцю для мяне самаго”. У чым жа заключаецца гэтая карысць? Ці не стала яна часткай той творчай сілы, якая дапамагла Таўлаю яшчэ раз грунтоўна перапрацаваць свае творы, давесці іх да вышыні паэтычнай культуры свайго часу.?
Дарэмна было б шукць у сталага Таўлая нейкіх канкрэтных слядоў знешняга падабенства ці запазычанняў – з іх ён даўно ўжо вырас. Нават рамантычныя вершы, якія ў сваіх першых вырыянтах былі напісаны пад непасрэдным уплывам Купалы, непазнавальна ўзмужнелі і напоўніліся непаўторна новым, індывідуальным перажываннем, сталі таўлаеўскімі па гучанню. 
.  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  . .  .  .  .  .   .  .  .  .  .    .  .  .  .  

Валянцін Таўлай з асаблівай прініклівасцю ўглядаўся ў грамадзянскую лірыку Купалы, ва ўнутраную пераконанасць яго радкоў, гордую паставу ў размове з “ворагамі Беларушчыны”.
У многіх сваіх творах (“Скаваны бунтар”, “Апшняе слова” і інш.), даючы водпаведзь “майстрам” пятлі і здрады, Таўлай дабіваўся ад слова найбольшай сілы мастацкага сцвярджэння – такога, якое ён бачыў у Купалы.
.  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .   .  .  .  .  .   .  .  .  .  .  .  .  .  .  

Зразумела, што не толькі Купала дапамагаў сталець творам Валянціна Таўлая. Паэт працаваў над сваімі вершамі не без уліку мастацкага вопыту кожнага з паэтаў, да якіх ён цягнуўся творча. Узровень паэтычнай культуры, на які няспынна раўняўся Таўлай, бачыўся яму ў лепшых дасягненнях паэзіі Багдановіча, Танка, Маякоўскага, Бранеўскага і інш. Але ні з кім з іх Таўлай так моцна не звязаў свой лёс, свае жыццёвыя і творчыя дарогі, як з вялікім Купалам.
БО.png

        Арочка, М.  Ідучы да запаветнага (В. Таўлай і Янка Купала) / М. Арочка // Валянцін Таўлай. Дакументы. Успаміны. Артыкулы. – Мінск : Маст. літ., 1984. – С. 205 – 213.

© 2022 ДУК «Лідская раённая бібліятэчная імя Янкі Купалы»,
Design and development Darya Martsinkevich

bottom of page