Яго імя носіць бібліятэка
Фактаграфічная база дадзеных
/урывак/
У гэты творча напруджаны, да краёў запоўнены радасным клопатам перыяд была ў жыцці Таўлая адна светлая падзея, якую нельга не ўспомніць, – гэта сустрэча ў Лідзе з Янкам Купалам. У архіве Таўлая захаваўся чарнавы накід успамінаў пра тыя дні, калі на сустрэчу са сваім любімым народным паэтам сабраліся выбаршчыкі ледзь не з усяго горада. Немалая зала чыгуначнага клуба аказалася малой да недарэчнасці. Хвіліна ўсхваляванага чакання – і на сцэну ўзыходзіць Янка Купала. “Ва ўсёй постаці Купалы, у кожным яго жэсце – ніякай позы, адна запалоньваючая прастата вялікага чалавека, – не без захаплення расказвае пра свайго любімага паэта Таўлай. Але хоць на сцэне цёпла, Купала не распранаецца, а толькі расшпіляе футру. На твары ўсхваляванасць змагаецца з нейкай нядужнасцю, на лбе выступае пот, хоць Купала выцірае яго хусцінкай” 1.
Прамову Купалы Таўлай падае ў другім, бадай, невядомым цяперашняму чытачу артыкуле, напісаным у сааўтарстве з Анатолем Іверсам, – “Сустрэча з народным песняром”:
“ – Сёлета я прыехаў у мясціны мне вельмі добра знаёмыя, - гаварыў Купала. – Недалёка ад гэтых мясцін я нарадзіўся, тут я пакутваў і плакаў над лёсам майго народа. Недалёка ад гэтых мясцін – у Навагрудскім павеце – я служыў парабкам у паноў. І вось дваццаць гадоў па гэтай роднай зямлі не хадзілі мае ногі”2.
Ад літаратараў Лідчыны Купалу вітала паэтэса Ніна Тарас.
А вось яшчэ адзін прамоўца, самы маленькі – гэта 6-гадовая Ніна Таўлай, сястрычка Валянціна. Стаўшы на краю сцэны, яна прачытала тоненькім галаском урывак з верша Купалы, моцна расчуліўшы паэта.
Цёплы ўспамін пакінула задушэўная бяседа Купалы з многімі заходнебеларускімі паэтамі, якія па запрашэнню Таўлая з’ехаліся на сустрэчу з розных куткоў вобласці. Анатоль Іверс успамінае цікавыя падрабязнасці: “Таўлай напісаў, каб я прыехаў у Ліду на сустрэчу з народным паэтам. Таўлай там быў, калі можна так сказаць, галоўным закапёршчыкам. Ён рабіў усё, каб нашаму дарагому Янку Купалу было добра. Хоць Купала прыхварэў, але на сустрэчу прыехаў. А тут, як назло, адліга, макрата, што ў туфлях цяжка прайсці па тратуары, каб не замачыць ногі. Валянцін і гэта ўлічыў. Ён пабег на гумовую фабрыку “Ардаль” і прынёс дарагому госцю падарунак рабочых – пару дабротных галёшаў. Купала доўга аднекваўся, але пры нашым намаганні здаўся. На вечары сустрэчы Іван Дамінікавіч чытаў свае вершы. Мы з Таўлаем таксама выступілі і чыталі вершы”3.
Купала рабіў заўвагі, даваў парады, а на адвітанне падараваў кожнаму з маладых паэтаў па сваёй кніжцы. “мне асабіста, - піша Таўлай, - Янка Купала ахвяраваў паэму “Над ракой Арэсай” з надпісам: “Таварышу Валянціну Таўлаю на ўспамін аб сустрэчы ў Лідзе – Янка Купала”. Гэта кніга разам з іншымі дарагімі дакументамі майго жыцця беспаваротна загінула ў вайну. Успамінаючы загінуўшую кніжачку ў зялёнай вокладцы, я кожнны раз адчуваю востры боль: ужо ніколі Янка Купала не ахвяруе ні мне, ніводнаму з нас сваёй кніжкі”4…
1 ЦДА, адз. зах. 149, арк. 1.
2 Лідская раённая газ. “Уперад”, 16 сакавіка 1940 г., № 25.
3 Ліст А. Іверса ў аўтара гэтых радкоў.
4 ЦДА, адз. зах. 149, арк. 12.