Яго імя носіць бібліятэка
Фактаграфічная база дадзеных
Янка Купала на Лідчыне
У кожнага народа сярод класікаў нацыянальнага пісьменства вылучаюцца пастаці найгалоўныя, якія ўнеслі асаблівы ўклад у развіццё роднай літаратуры, мовы і культуры, сталі, як бы неафіцыйнымі сімваламі самога народа, прарокамі нацыянальнага адраджэння. Такія імёны першымі ўспыхваюць у памяці і першымі называюцца, калі заходзіць размова пра гэты народ і краіну. У англічан – гэта Вільям Шэкспір, у рускіх – Аляксандр Пушкін, у амерыканцаў – Уолт Уітмен, у балгараў – Хрыста Боцеў, у славакаў – Павел Гвездаслаў, у венграў – Шандар Пецёфі, у латышоў – Ян Райніс, ва ўкраінцаў – Тарас Шаўчэнка, у палякаў – Адам Міцкевіч, якога нарадзіла беларуская зямля, які хоць і на суседскай, польскай мове, але таленавіта ўславіў, апеў родную Беларусь (пад традыцыйнай у той час гістарычнай назвай “Літва”)... У беларусаў такой постаццю з’яўляецца Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч, 1882-1942), хаця побач з гэтым імем мы заўсёды называем імёны Якуба Коласа і Максіма Багдановіча.
Постаць Янкі Купалы лунае над Айчынай сімвалам Незалежнасці і Адраджэння, яго паэзія расквітнела папараць-кветкай... Гэта яго бюст упрыгожвае алею Славы нават у заакіянскім Нью-Ёрку. Янка Купала – апостал нацыянальнага духу – займеў свой пачэсны пасад не толькі ў сэрцах беларусаў. Наш Пясняр даўно пачуты далёка за межамі Бацькаўшчыны. І Купалава прысутнасць у сусветнай культуры дазваляе ўсім народам пазнаваць на карце планеты Краіну Беларусаў. Чалавек з народа, Янка Купала прайшоў доўгі шлях нялёгкага жыцця. Хатні настаўнік, перапісчык у судовага следчага, малодшы прыказчык, рабочы на памешчыцкіх броварах, бібліятэкар – вось старонкі працоўнай дзейнасці маладога паэта. З краю ў край на палях роднай Беларусі блукаў ён у пошуку заробку, службы, кавалка хлеба. Паўсядзённая практыка ўзбагачала жыццёвы досвед Купалы, давала магчымасць глыбей пазнаць жыццё народа.
Яшчэ ўвосень 1909 года Купала па рэкамендацыі Барыса Даніловіча, беларускага грамадскага і культурнага дзеяча пачатку ХХ стагоддзя, атрымаў месца эканома ў маёнтку Бенін Наваградскага павету. Дарэчы, Барыс Лявонцевіч Даніловіч з’яўляўся ўладальнікам прыватнай бібліятэкі “Веды”, якая існавала ў Вільні ў 1904 - 14, 1919-23 гадах. З Вільні праз Ліду ў кастрычніку 1909 года Купала накіраваўся ў маёнтак Бенін (цяпер гэта вёска з’яўляецца цэнтрам калгаса “Новы шлях” Наваградскага раёна). Пра гэта пісаў сам Я.Купала ў лісце Л. Кляйнбарту 23.11.1927 года.
Другая сустрэча Янкі Купалы з Лідай адбылася ўжо пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР. У сэрцах многіх лідзян захаваўся незабыўны вобраз паэта. І сёння ў нас ёсць усе падставы для асаблівага гонару: шэсцьдесят два гады таму назад працоўныя Ліды абралі сваім першым дэпутатам у Вярхоўны Савет БССР песняра народных дум Янку Купалу...
15 лютага 1940 года рабочыя і службоўцы Лідскага чыгуначнага вузла на сваім першым перадвыбарным сходзе аднагалосна прапанавалі вылучыць кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР народнага паэта Беларусі Янку Купалу. Гэту прапанову з запалам падтрымалі ўсе працоўныя горада і раёна. І дружна вырашылі: “Вылучыць тав. Луцэвіча Івана Дамінікавіча (Янку Купалу) кандытатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР і прасіць яго даць згоду балатавацца па Лідскай - Слабадской выбарчай акрузе № 306 Беларускай ССР”. 13 сакавіка 1940 года Янка Купала прыехаў у Ліду на сустрэчу з выбаршчыкамі. Разам з ім прыехалі з Менска пісьменнікі Пятро Глебка, Алесь Кучар, Зэлік Аксельрод. Спыніліся госці ў гасцініцы па вуліцы Сувальскай (цяпер вул. Савецкая), былым гатэлі “Брыстоль”. У час прыезду любімага паэта была адліга, макрата такая, што ў туфлях цяжка прайсці па тратуары, каб не замачыць ногі. І тады Валянцін Таўлай, паэт, былы ўдзельнік рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі; супрацоўнік лідскай газеты “Уперад”, збегаў на гумавую фабрыку “Ардаль” і прынёс дарагому госцю падарунак рабочых – пару новенькіх галёшаў. Гэты факт добра памятаецца ў Лідзе і выклікае сціплыя пачуцці гонару ў лідзян. Пра гэты выпадак хораша напісаў у сваім вершы “Галёшы для Купалы” сучасны лідскі паэт Станіслаў Суднік:
... І я нават сёння, як бачу,
Фантазіі многа ці мала,
Выходзіць па Менску на шпацыр
У лідскіх галёшах Купала...
У першы дзень Янка Купала агледзеў горад. Шаноўнага госця суправаджалі маладыя заходне-беларускія паэты Валянцін Таўлай і Ніна Тарас (супрацоўнікі лідскай газеты “Уперад”), Анатоль Іверс (сапр. Міско Іван Дарафеевіч) – супрацоўнік слонімскай газеты “Вольная праца” і Пятрусь Граніт (сапр. Івашэвіч Іван Пятровіч), які ў той час працаваў старшынём Беліцкага сельсавета Лідскага раёна. Апошніх двух запрасіў на сустрэчу Валянцін Таўлай, каб дарагому Івану Дамінікавічу стварыць прыемнае акружэнне. І сапраўды, як успамінае Анатоль Іверс: “Купала быў задаволены сустрэчай з намі; радасцю свяціліся яго вочы”. Першая сустрэча з выбаршчыкамі адбылася ў святочна ўпрыгожаным чыгуначным клубе на вуліцы Каляёвай (Чыгуначнай), цяпер Труханава. Гэта быў доўгі аднапавярховы драўляны будынак, які складаўся з глядзельнай залы са сцэнай; бібліятэкі-чытальні, більярднай, буфета і сталоўкі. У час вайны будынак згарэў. Цяпер на месцы былога чыгуначнага клуба знаходзяцца склады. Убачыць і паслухаць народнага паэта сабралася больш 700 чалавек. Шмат людзей знаходзілася на двары перад клубам. Хвіліны напружанага маўчання, і залу ўскалыхнулі працяглыя авацыі: на сцэну ўзыходзіць Янка Купала!
Былы вучань “чыгуначнай” сярэдняй школы № 3 г. Ліда Уладзімір Урбановіч успамінае: “...Нашай школе было даручана пасля сустрэчы даваць канцэрт. Цэлы дзень у школе тыя, хто браў удзел у канцэрце, рэпетавалі, рыхтаваліся. Настрой ва ўсіх быў прыўзняты... Запомніўся доўгі стол, засланы чырвоным. За ім – людзі ў гімнасцёрках і чыгуначнай форме. Сярод іх у цэнтры... сядзеў Купала, такі ж, як на партрэтах у школьных падручніках: гладка прычасаныя валасы, добры, лагодны позірк і нешта такое, што рабіла яго родным і дарагім... (Урбановіч, У. Янка Купала і Лідчына. Газета “Уперад” - 1990 - 12 чэрвеня).
На твары Я. Купалы ўсхваляванасць змагаецца з нейкім недамаганнем: лоб пакрыўся потам, і паэт час ад часу выцірае яго хусцінкай. Усе адчуваюць, што паэт – хворы, што ў яго высокая тэмпература. І тое, што Я. Купала, не зважаючы на дрэнны стан здароўя, прыехаў да сваіх выбаршчыкаў, напаўняе сэрцы прысутных глыбокай ўдзячнасцю і яшчэ большай пашанай да яго. З прамовамі на сходзе выступілі маляр дэпо Арон Фрэнкель, начальнік паравознага аддзела Іван Варатнікоў, кандуктар Міхаіл Гайдучак, паэтэса Ніна Тарас і іншыя. Усе яны з любоўю гаварылі пра Янку Купалу. Настаўніца Стэра Таўлай (першая жонка В. Таўлая, немцы расстралялі яе ў кастрычніку 1941 года) горача вітала Янку Купалу ад імя інтэлігенцыі горада. Паэтэса Ніна Тарас прачытала верш, прысвечаны Я. Купалу. А малады, стройны Валянцін Таўлай натхнёна і ўсхвалявана прачытаў свой верш “Чырвоным урнам радасць занясі” у якім ёсць такія радкі:
Паглянь, ідзе гусляр
К табе здалёку –
Затужанай ступою
Песціць даўні след,
Раскованым крылом
Змятае сны твой сокал
І на шляху – твой мучанік – паэт.
Вучні СШ № 3 чыталі творы Я. Купалы. І нечакана на сцэну паднялася маленькая дзяўчынка. Яна была такая маленькая, што галоўка яе не дасягала краю стала (гэта шасцігадовая Ніна Таўлай, сястра В. Таўлая). Дзяўчынка пачала нешта ціхім, тоненькім галаскам гаварыць. Тады Янка Купала падняўся са свайго месца, выйшаў з-за стала, узяў Ніну пад пахі і паставіў на стол. Спачатку дзіцё разгубілася, а пасля, падбадзёраная жэстам рукі свайго старэйшага брата, прачытала Купалаў верш “Абвілася краіна ў кветкі”. Скончыла, павярнулася тварам да прэзідыюму і пакланілася. Янка Купала, вельмі расчулены, абняў яе і пацалаваў.
Усе прысутныя, прытаіўшы дыханне, слухалі Народнага паэта. Ва ўсёй постаці Янкі Купалы, у кожным яго жэсце – ніякай позы, адна запалоньвальная прастата вялікага чалавека. Ён чытаў свае вершы “Накарміліся панскаю ласкай”, “З новай думкай” і інш. І, звяртаючыся да сваіх выбаршчыкаў, Я. Купала сказаў: “Ад усяго сэрца дзякую вам за вялікі гонар, аказаны мне... Больш як 35 гадоў я служыў сваёй творчасцю народу. Я абяцаю вам сумленна служыць народу да канца маіх дзён... Я памятаю вас прыгнечанымі, абяздоленымі: тым больш вялікая мая радасць, калі бачу я вас цяпер свабоднымі і шчаслівымі...” Апошнія словы народнага песняра тонуць у буры авацый і воклічаў.
Днём 14 сакавіка адбылася сустрэча Янкі Купалы з сялянамі Лідчыны ў кінатэатры “Эдысон”. (Зараз там сквер і помнік Ф. Скарыну.) Каб убачыцца з любімым паэтам, сяляне з навакольных вёсак Ліпнішкі, Бердаўка, Ганчары, Беліца, Ваверка, Крупава, Парачаны і іншых ішлі ў Ліду пешку і ехалі на фурманках за дзесяткі кіламетраў. Вакол кінатэатра набралася сялянскіх вазоў і распрэжаных коней, як на вялікім кірмашы. Давераная асоба кандыдата, пісьменнік Алесь Кучар расказаў прысутным пра жыццёвы і творчы шлях народнага паэта. Сялянскія прамоўцы ад усёй душы расказвалі аб тым, чым былі творы Я.Купалы ў іх нялёгкім жыцці.
Затым сцішаная зала слухала свайго песняра. На ўскрайку сцэны стаіць Ён, у паліто з шалевым футравым каўняром, узрушаны, далікатны і добры. Купала дзякуе за давер і ціхім голасам нараспеў чытае некаторыя са сваіх вершаў на заходнебеларускія матывы, сярод якіх: “Ты з Заходняй, я з Усходняй”, “Накарміліся панскаю ласкай...”, “Слава табе, армія!”, “Сыходзіш, вёска, з яснай явы...”. Вечарам 14 сакавіка пясняр народных дум быў запрошаны на сустрэчу з чытачамі ў гарадскую бібліятэку, якая знаходзілася побач са старажытным замкам (прыблізна, дзе зараз знаходзіцца магазін “Юбілейны”). Пасля выступлення Янка Купала падараваў бібліятэцы кнігу “Над ракой Арэсай” (4 выданне, Мн, 1937 г.) з цёплым надпісам. Гэта была першая кніжка на беларускай мове ў гарадской бібліятэцы ў сакавіку 1940 года. На ўспамін аб хваляўнічай сустрэчы супрацоўнікі бібліятэкі прыпаднеслі госцю зборнік вершаў вядомай польскай паэтэсы Марыі Канапніцкай “Паэзія” (на польскай мове). Пазней Я. Купала прыклаў нямала намаганняў, каб папоўніць кніжны фонд гарадской бібліятэкі. І ўжо ў траўні 1940 года тут атрымалі больш як 4000 кніг на беларускай і рускай мовах. Дзякуючы Купалу, было станоўча вырашана пытанне з фінансаваннем бібліятэкі. І5 сакавіка ў самай вялікай глядзельнай зале горада – кінатэатры “Эра” – адбылася заключная сустрэча з гарадской інтэлігенцыяй. Гэты будынак знаходзіўся за будынкам сённяшняй бібліятэкі імя Я. Купалы.
Адбыўся вялікі літаратурны вечар. З дакладам аб стане беларускай літаратуры выступіў крытык з Менска Алесь Кучар. Свае вершы чыталі Янка Купала, Пятро Глебка, Зэлік Аксельрод, Валянцін Таўлай, Ніна Тарас, Анатоль Іверс, Пятрусь Граніт. Гэта было першае свята беларускай паэзіі такога маштабу ў перадваеннай Лідзе. Перад ад’ездам Янка Купала сустрэўся з групай маладых паэтаў, якія сабраліся тут з усёй вобласці. Гутарка адбылася шчырая, задушэўная. Яго цікавіла ўсё да дробніц, як яны жылі; дзе і як даводзілася друкавацца і г.д. Пятрусь Граніт успамінае: “Янка Купала стары ўжо быў у тыя гады, але паказаўся вельмі свойскім чалавекам, як родны. Так што розніца ў гадах не так і адчувалася. Гаварыў з намі сардэчна, шчыра. Падумаць толькі, гэта ж народны паэт, а гаворыць, як бы быў сам вясковым простым чалавекам”. Затым Іван Дамінікавіч хлебасольна запрасіў П. Граніта, В. Таўлая, А. Іверса разам паабедаць у лепшай сталоўцы горада, так званай “Амерыканцы”, былым шыкоўным рэстаране. Заказаў усім абед з чатырох страваў, з чаркай і півам. Калі ж маладыя паэты памкнуліся плаціць, перапыніў іх: “Хлопцы, хлопцы, у мяне, мабыць, больш грошай...” На развітанне кожнаму з паэтаў Я.Купала падарыў свае кнігі з аўтографамі. В.Таўлаю падарыў паэму “Над ракой Арэсай” з надпісам: “Таварышу Валянціну Таўлаю на ўспамін аб сустрэчы ў Лідзе. Янка Купала”. П. Граніт атрымаў зборнік вершаў “Беларусі ардэнаноснай” з аўтографам: “Дарагому Петрусю Граніту на добрую памятку аб нашай сустрэчы ў Лідзе. Янка Купала. Ліда. 15.3.40 г.” Анатолю Іверсу дастаўся томік выбранай паэзіі.
24 сакавіка 1940 года Янка Купала выбіраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР ад Лідскай-слабадской выбарчай акругі і яму ўручаецца дэпутацкі білет № 306. 27 сакавіка 1940 года газета “Известия” змясціла ліст народнага паэта “Маім выбаршчыкам”. У гэтым невялікім дакуменце Янка Купала выказаў сваю вялікую радасць з вынікаў выбараў у заходніх абласцях Беларусі: “Я глыбока ўдзячны маім выбаршчыкам – працоўным Лідскага раёна, якія аказалі мне высокі гонар выбраннем у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. Да канца маіх дзён буду верна служыць народу...” Прайшло 62 гады з тых памятных дзён, але і сёння ганарацца лідзяне тым, што адна са старонак жыцця вялікага беларускага песняра мае непасрэднае дачыненне да іх горада, да гісторыі іх роднага краю. Варта было б падумаць аб тым, каб нейкім чынам увекавечыць тыя месцы, дзе прамаўляў свае палымяныя словы класік нашай літаратуры, дзе так шчыра і цёпла сустракалі яго лідзяне. Было б вельмі прыемна і пачэсна, каб помнік ці бюст першаму дэпутату лідзян у Вярхоўным Савеце БССР і любімаму паэту быў устаноўлены таксама і ў горадзе Лідзе. Хацелася б, каб тыя, хто сустракаўся з Я. Купалам, напісалі свае ўспаміны і тым самым дапоўнілі б чалавечы вобраз выдатнага сына беларускага народа, што так неабходна для захавання высакароднай памяці прыхільнікаў неўміручага таленту Янкі Купалы.
Неўзабаве пасля перамогі над фашысцкай Германіяй Савет Народных Камісараў Беларускай ССР і Цэнтральны Камітэт КП(б) Беларусі 5 жніўня 1945 года прынялі пастанову “Аб увекавечанні памяці Народнага паэта Беларусі Янкі Купалы”. У ліку іншых пунктаў быў і такі: “Прысвоіць імя Янкі Купалы гарадской бібліятэцы ў горадзе Лідзе”. З гэтай нагоды ў верасні 1946 года ў Ліду прыехала група пісьменнікаў і навуковых супрацоўнікаў у складзе жонкі Я. Купалы, дырэктара літаратурнага музея паэта Уладзіславы Францаўны Луцэвіч, пісьменнікаў Пятра Глебкі, Валянціна Таўлая і Уладзіміра Агіевіча, каб па даручэнні Саюза пісьменнікаў і Акадэміі навук БССР прыняць удзел ва ўрачыстым акце прысваення гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы. Госці з Менска прывезлі і перадалі бібліятэцы падарункі ад Літаратурнага музея Янкі Купалы. У чытальнай зале была арганізавана фотавыстава і выстава кніг, прысвечаныя народнаму паэту. Раённая газета “Уперад” 29.09. 1946 года апублікавала літаратурную старонку “Янка Купала – вялікі змагар за ўзяднанне беларускага народа”. 17 верасня адбылася сустрэча мінчан з навучэнцамі і выкладчыкамі педагагічнай навучальні. Прысутныя праслухалі даклад “Ідэя ўз’яднання народа ў беларускай паэзіі”, з якім выступіў У. Агіевіч. Сярод навучэнцаў было нямала паэтаў-пачаткоўцаў. Пятро Глебка зрабіў агляд вершаў будучых настаўнікаў, даў слушныя парады. Госці чыталі свае вершы, а таксама творы Я. Купалы. Паэт-пачатковец Мікола Варонін прачытаў уласныя вершы. Вечарам 17 верасня госці з Менска прынялі ўдзел ва ўрачыстым пасяджэнні гарвыканкаму сумесна з партыйнымі і грамадскімі арганізацыямі горада ў сувязі з сёмай гадавінай уз’яднання беларускага народа.
Урачысты сход працоўных горада, прысвечаны прысваенню гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы, адбыўся вечарам 18 верасня. На гэтае мерапрыемства прыйшлі рабочыя, службоўцы, навучэнцы і вучні старэйшых класаў. Многія на сход прыехалі з навакольных вёсак. З дакладам “Янка Купала – народны паэт БССР” выступіў Уладзімір Агіевіч, Валянцін Таўлай пазнаёміў прысутных з удзелам Я. Купалы ў барацьбе за ўз’яднанне нашага народа, ілюструючы цікавымі фактамі шырокую папулярнасць народнага песняра ў Заходняй Беларусі, прачытаў свае вершы, прысвечаныя дню 17 верасня і памяці Янкі Купалы. Адзін з вершаў так і называўся “Памяці Янкі Купалы”, а быў напісаны ў 1945 годзе. Пятро Глебка, паэт і вучоны, у сваім выступленні адзначыў вялікае значэнне высокаграмадзянскай паэзіі Янкі Купалы. Уладзіслава Францаўна Луцэвіч падзялілася сваімі ўспамінамі пра “незабыўнага Янку”. Рашэннем гарвыканкаму ў верасні 1946 года вуліца Шкляная перайменавана ў вуліцу Янкі Купалы. Яна прымыкае да рэчкі Лідзейкі. Зараз на гэтай вуліцы знаходзіцца прыгожы будынак гарадскога Дома культуры, у якім месціцца філіял гарадской бібліятэкі імя Янкі Купалы – дзіцячая бібліятэка з утульнай і прасторнай чытальнай залай. У чэрвені 1947 года, у дзень пятай гадавіны трагічнай гібелі Янкі Купалы, у гарадской бібліятэцы адкрыўся памятны пакой народнага паэта. Тут была наладжана вялікая выстава пра жыццё і творчасць неўміручага песняра, аформлены вітрыны з яго творамі; выстаўлены падарункі бібліятэцы ад музея Я. Купалы. Наведвальнікі з цікавасцю разглядалі альбом “Янка Купала – наш дэпутат”: у гэтым альбоме былі сабраны фотаздымкі, газетныя выразкі, успаміны ўдзельнікаў сустрэчы з паэтам, малюнкі купалаўскіх мясцін у Лідзе, зробленых рукой самадзейнага мастака, краязнаўцы і калекцыянера Аляксандра Каспяровіча. У 1956 годзе гэты мастак, які афармляў купалаўскі пакой, выехаў у Польшчу. На жаль, лёс каштоўных матэрыялаў пра Янку Купалу, сёння невядомы.
14 верасня 1950 года сяляне вёсак Дубровенскага сельсавета на сваім агульным сходзе арганізавалі калгас. Гаспадарку назвалі імем свайго першага дэпутата Янкі Купалы. Праіснаваў ён да ўзбуйнення, калі 16 траўня 1952 года ўліўся ў калгас імя Мічурына, якое захавалася да сённяшніх дзён. Дарэчы, гэта імя да гісторыі нашага краю не мае ніякага дачынення. Варта ўсё ж такі аднавіць першапачатковую назву гаспадаркі.
29 чэрвеня 1956 года ў гарадскім Доме культуры (будынак знаходзіўся на сучаснай вуліцы Таўлая і быў знесены ў канцы 80-х гадоў) адбыўся літаратурны вечар, на які па запрашэнні загадчыцы гарадской бібліятэкі імя Янкі Купалы Людмілы Зялінскай прыехалі з Менска жонка паэта Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, а таксама беларуская паэты Міхась Калачынскі, Анатоль Астрэйка, Раман Сабаленка.
Уладзіслава Францаўна Луцэвіч падарыла гарадской бібліятэцы вялікі; намаляваны алеем на палатне партрэт Янкі Купалы работы народнага мастака БССР Валянціна Волкава (1881-1964), які быў добра знаёмы з Я. Купалам. Партрэт быў намаляваны ў 1947 годзе. (Ад рэдакцыі. Валянцін Волкаў намаляваў два партрэты Янкі Купалы: у 1947 і 1958 гадах. Абодва партрэты намаляваны паводле аднаго і таго ж малюнка, зробленага В.Волкавым з натуры пры жыцці песняра. На сёння абодва партрэты знайходзяцца ў Музеі Янкі Купалы ў Менску і абвешчаны афіцыйнымі партрэтамі паэта.) Уладзіслава Францаўна падарыла бібліятэцы таксама альбом “Беларускі народны арнамент”. На адвароце тытульнага аркуша альбома яна зрабіла надпіс “Ад музея Янкі Купалы. Ул. Луцэвіч. 29.VІ.56 г.” А вось гэтая рэліквія захоўваецца і сёння ў чытальнай зале бібліятэкі (вул. Савецкая, 16).