Яго імя носіць бібліятэка
Фактаграфічная база дадзеных
Янка Купала і Гродзеншчына
/урывак/
Яскравым доказам таго, што Янку Купалу на Гродзеншчыне любілі і лічылі духоўным правадыром беларускага народа, прарокам нацыянальнага адраджэння, стала тое, што пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1940 годзе жыхары Лідчыны вылучылі Янку Купалу кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. Адбылося гэта 15 лютага 1940 года. Рабочыя і службоўцы Лідскага чыгуначнага вузла на сваім першым перадвыбарным сходзе аднагалосна прапанавалі вылучыць кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР народнага паэта Беларусі Янку Купалу. Гэту прапанову з запалам падтрымалі ўсе працоўныя Ліды і Лідскага раёна. І дружна вырашылі: “Вылучыць таварыша Луцэвіча Івана Дамінікавіча (Янку Купалу) кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР і прасіць яго даць згоду балатавацца па Лідскай-Слабадской выбарчай акрузе № 306 Беларускай ССР”.
13 сакавіка 1940 года Янка Купала прыехаў у Ліду на сустрэчу з выбаршчыкамі. Разам з ім прыехалі з Мінска пісьменнікі Пятро Глебка, Алесь Кучар, Зэлік Аксельрод. Спыніліся госці ў гасцініцы па вуліцы Сувальскай (цяпер вул. Савецкая), у былой гасцініцы “Брыстоль”. Да прыезджых далучыліся гарадзенскія паэты Валянцін Таўлай, Ніна Тарас, Анатоль Іверс, Пятрусь Граніт. У час прыезду любімага паэта была адліга, макрэча такая, што ў туфлях цяжка было прайсці па тратуары, каб не замачыць ногі. І тады паэт Валянцін Таўлай, які быў супрацоўнікам лідскай газеты “Уперад”, збегаў на гумавую фабрыку “Ардаль” і прынёс дарагому госцю падарунак рабочых – пару новенькіх галёшаў. Гэты факт добра памятаецца ў Лідзе і выклікае пачуццё гонару ў лідчан. Пра гэты выпадак хораша напісаў у сваім вершы “Галёшы для Купалы” (Станіслаў Суднік. Лідскія скрыжалі. Ліда, 2008. С. 68–69) беларускі паэт Станіслаў Суднік:
Адліга капежамі звоніць,
Вада грудзі рэк паўздымала,
З народам у Лідзе гамоніць
Пясняр чалавецтва Купала.
Гамоніць пра лепшую долю.
Маўчыць, што тут лепей не стала,
Гамоніць пра шчасце і долю
Прастуджаны, хворы Купала.
У мокрых стаіць чаравіках
І з кашлем змагаецца мужна,
І ў цесным натоўпе шматлікім
Ідэя раджаецца дружна:
“Давайце падорым Купалу
Галёшы тутэйшай работы,
Ад мокрадзі каб ратавалі,
Ад гразі, дажджу і ад слоты,
Каб быў наш Купала здаровы
І шчыра служыў Беларусі...”
І пару галёшаў тых новых
Купала прыняць ад іх мусіў...
...І я, нават сёння, як бачу,
Фантазіі многа ці мала,
Выходзіць па Менску на шпацыр
У лідскіх галёшах Купала...
Краязнавец з Валеўкі Навагрудскага раёна Уладзімір Урбановіч (1921–1999), з якім я меў сустрэчу ў Валеўцы ў школе і потым у 1980–1990-х гадах перапісваўся з ім, даслаў неяк мне ўспамін пра сустрэчу з Янкам Купалам тады ў Лідзе. Уладзімір Аляксандравіч у пісьме прыгадваў: “Я ў той час вучыўся ў Лідскай сярэдняй школе № 3, што за чыгункай была, якую лідчане тады называлі чыгуначнай. А паколькі Янка Купала балатаваўся па Лідскай чыгуначнай выбарчай акрузе, то і сустрэча адбывалася ў клубе чыгуначнікаў. Таму нашай школе было даручана пасля сустрэчы наладзіць канцэрт. Такім вось чынам і мне пашчаслівіла быць на тым вечары, пабачыць і пачуць першы і апошні раз народнага паэта Беларусі Янку Купалу.
У Ліду Янка Купала прыехаў 13 сакавіка 1940 года. Сустрэча адбылася назаўтра, 14 сакавіка. Як сёння памятаю – гэта быў чацвер. Цэлы дзень у школе тыя, хто ўдзельнічаў у канцэрце, рэпеціравалі, рыхтаваліся. Гучалі беларускія, польскія і рускія песні і вершы, былыя гімназісткі ладзілі танцы, фізкультурнікі – свае нумары. Настрой ва ўсіх быў прыўзняты – гэта быў першы канцэрт нашых школьнікаў, а нас, беларусаў, хвалявала і сустрэча з Купалам, тым самым Янкам, партрэт і вершы якога былі ў школьных хрэстаматыях, п’есы якога мы бачылі на самадзейнай сцэне. Мне запомніўся доўгі стол, засланы чырвоным палатном. За ім сядзелі людзі ў гімнасцёрках і ў чыгуначнай форме. Сярод іх у цэнтры ў цёмным касцюме, белай сарочцы і гальштуку сядзеў Янка Купала, такі ж самы, як на партрэтах у школьных падручніках: гладка прычасаныя валасы, добры, лагодны пагляд і нешта такое, што рабіла яго блізкім, родным і дарагім для лідчан. Нешта казалі людзі ў гімнасцёрках, чыгуначнай форме, нешта прамаўляў і Янка Купала, а пасля ён чытаў свае вершы. Упершыню я пачуў “Накарміліся панскаю ласкай”, “З новай думкай” і яшчэ нешта. Зала апладзіравала, паэт кланяўся, пасля пайшоў на сваё месца, узмахнуў рукой, мабыць, каб спыніць воплескі, яшчэ раз пакланіўся і сеў за стол. Пасля выступіла Ніна Тарас, яна чытала свае вершы.
Запомнілася яшчэ выступленне Валянціна Таўлая. Ён і Ніна Тарас працавалі тады ў лідскай газеце “Уперад”. Малады, стройны, прыгожы з твару юнак лёгка падняўся на сцэну і, не заходзячы на трыбуну, пачаў па памяці чытаць верш “Чырвоным урнам радасць занясі”. Мяне ўразіла незвычайная натхнёнасць паэта, яго пагляд, голас, глыбокая ўсхваляванасць, змест верша.
Яшчэ не заціхлі воплескі пасля выступлення Таўлая, як на сцэну паднялася малая дзяўчынка і стала побач з паэтам. Яна была такая маленькая, што галоўка яе дасягала краю стала. Дзяўчынка пачала нешта гаварыць. Раптам Янка Купала падняўся са свайго месца, выйшаў з-за стала, узяў дзяўчынку пад пахі і паставіў на стол. Дзіця неяк разгубілася. Валянцін Таўлай нешта сказаў ёй (гэта была яго родная сястрычка), жэстам рукі падбадзёрыў. І яна пачала чытаць нейкія вершы. А калі скончыла, павярнулася тварам да прэзідыума і пакланілася. Янка Купала абняў яе і пацалаваў. Дзяўчынка саскочыла са стала і пабегла ў залу, які грымеў воплескамі...».
Слонімскі паэт Анатоль Іверс (1912–1999), які таксама прысутнічаў на сустрэчы ў Лідзе, прыгадвае: “Каб гэта сустрэча лепш прайшла і ў некаторай ступені насіла літаратурны характар, наш зямляк паэт-рэвалюцыянер Валянцін Таўлай, які працаваў у лідскай газеце “Уперад”, запрасіў на вечар заходнебеларускіх літаратараў, у тым ліку і мяне. Вядома, у Ліду я ехаў з задавальненнем, але хваляваўся перад веліччу Янкі Купалы. Вечар праходзіў у перапоўненай зале клуба чыгуначнікаў. Янка Купала не распранаўся, сядзеў у накінутым на плечы паліто, бо прыхварэў. На дварэ было хлюпатна, і каб госць не замачыў ногі, Валянцін Таўлай прынёс падарунак рабочых гумавай фабрыкі “Ардаль” – дабротныя галёшы. Мы ледзь-ледзь угаварылі хворага надзець іх на туфлі.
Выступаючы перад лідчанамі, Янка Купала расказаў аб сваёй працы, творчай дзейнасці, узрушана гаварыў аб прыездзе ў дарагія сэрцу мясціны. “Дваццаць гадоў па гэтай роднай зямлі не хадзілі мае ногі”, – сказаў ён. Потым чытаў вершы, дзякаваў за аказаны давер. З вершамі выступалі Валянцін Таўлай, Ніна Тарас, Пятрусь Граніт, я і другія.
“Сустрэча з Янкам Купалам з’явілася для нас, паэтаў былых “крэсаў усходніх”, вялікай падзеяй, дала магчымасць бліжэй асабіста пазнаёміцца са стваральнікам новай беларускай літаратуры. У шчырай гутарцы ён цікавіўся нашым жыццём, працай, знаёміўся з вершамі, даваў свае заўвагі і парады. На развітанне мы атрымалі ад народнага паэта кнігі з аўтографамі...” (Анатоль Іверс. З глыбінь жыцця. Мінск, 2012. С. 166).
15 сакавіка Янка Купала з Ліды прыехаў у Мінск. А 24 сакавіка 1940 года адбыліся выбары, наш пясняр стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Праз тры дні ў маскоўскай газеце “Известия” з’явіўся яго артыкул “Моим избирателям”, у якім паэт пісаў: “Какая это великая радость для меня, писателя, который 35 лет писал песни о родном белорусском народе! Я глубоко благодарен моим избирателям — трудящимся Лидского района, оказавшим мне высокую честь избранием в депутаты Верховного Совета БССР. До конца моих дней я буду верно служить народу...”.
Гэта толькі невялікія імгненні з жыцця і дзейнасці Янкі Купалы, звязаныя з Гродзеншчынай. Па слядах нашага песняра мы будзем ісці заўсёды, і яны нам будуць адкрываць усё новыя і новыя звесткі з яго біяграфіі і творчасці.