top of page
глав-1.png

Яго імя носіць бібліятэка

Фактаграфічная база дадзеных
ЯК.png

Незабыўныя старонкі

 

У 1982 годзе  культурны свет будзе адзначаць 100-годдзе з дня нараджэння вялікіх сыноў Беларусі, яе песняроў – Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гэта вялікая падзея не толькі для беларускага народа, але і для ўсёй нашай краіны. Сведчаннем таму з’яўляецца акадэмічнае выданне “Пуцявінамі Янкі Купалы”, укладальнік якога Г. Кісялёў выкарыстаў максімальную колькасць матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, яго актыўным удзеле ў грамадскім жыцці краіны, вялікай яго рабоце па развіццю шматнацыянальнай культуры Савецкага Саюза.
Нам, лідчанам, асабліва прыемна сярод іншых дакументальных матэрыялаў пра народнага паэта пазнаёміцца з артыкулам Валянціна Таўлая “Сустэчы з Янкам Купалам у Лідзе”. Як вядома, дзейнасць беларускага савецкага паэта Валянціна Таўлая была звязана з рэвалюцыйным рухам у Заходняй Беларусі і, у прыватнасці, з Лідчынай. Адзін час ён працаваў у нашай газеце “Уперад”. Успаміны В. Таўлая аб сустрэчы з Янкам Купалам у Лідзе напісаны ў 1946 годзе. Тады В. Таўлай працаваў у якасці навуковага супрацоўніка і намесніка дырэктара літаратурнага музея Я.Купалы.
Першая сустрэча лідчан з Янкам Купалам адбылася ў чыгуначным клубе з 13 па 15 сакавіка ў 1940 годзе, у першыя месяцы пасля вызвалення Заходняй Беларусі ад белапольскіх акупантаў. Набліжаліся выбары ў Вярхоўны Савет СССР і БССР. Працоўныя заходніх абласцей Беларусі вылучалі і абмяркоўвалі сваіх кандыдатаў. І вось на перадвыбарным сходзе чыгуначнага вузла Ліды было названа імя Янкі Купалы як кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. Небывалы энтузіязм ахапіў лідчан. Бо высокае імя Янкі Купалы праз доўгія гады польскай акупацыі было сімвалам адзінства беларускага народа. Многія старыя чыгуначнікі ведалі Купалу яшчэ ў дарэвалюцыйны час.
…Вялікая зала чыгуначнага клуба перапоўнена. Хоць у памяшканні і цёпла, Янка Купала не распранаўся, толькі расшпіліў каўнер. На твары ўсхваляванасць змагаецца з нейкім недамаганнем: лоб пакрыўся потам, і паэт час ад часу выцірае яго хусцінкай. Адчуваецца, што ў яго тэмпература. Але Янка Купала ўсё роўна не адклаў свайго выступлення. Прысутныя гэта добра разумеюць і яшчэ больш цёпла выказваюць свае адносіны да песняра. Купала гаварыў аб вялікай радасці, якую ён адчувае, знаходзячыся на зямлі, на якой не быў 20 гадоў. Ён выказаў сардэчную ўдзячнасць Чырвонай Арміі за аб’яднанне беларускага народа.
Затым выступалі выбаршчыкі-чыгуначнікі, паэты, настаўнікі, вучні. Асабліва ўсхвалявала паэта дзяўчынка, якая з глыбокім пачуццём прачытала яго верш “Абвілася краіна ў кветкі”.
Па гарачаму жаданню працоўных горада і раёна адбыліся яшчэ дзве сустрэчы з народным паэтам у Лідзе. На адной з іх Купала сустрэўся з інтэлігенцыяй горада, на другой – з сялянамі раёна. І кожны раз залы былі перапоўнены. Каб убачыцца з дарагім паэтам, сяляне ішлі ў горад пешшу дзясяткі кіламетраў. А знаходзячыся ў памяшканні, ціснуліся да сцэны, дзе знаходзіўся Я. Купала, прасілі слова, каб ад усёй душы расказаць, чым быў паэт у іх нялёгкім жыцці.
Перад выездам з Ліды Янка Купала сустрэўся з групай маладых паэтаў, якія сабраліся з усёй Баранавіцкай вобласці. Гэта былі Ніна Тарас, Анатоль Іверс, Пятрусь Граніт. На развітанне Купала падарыў ім па сваёй кнізе. Валянціну Таўлаю ахвяраваў паэму “Над ракой Арэсай” з надпісам “Таварышу Валянціну Таўлаю на памяць аб сустрэчы ў Лідзе – Янка Купала”.
На гэтым успаміны В. Таўлая аб знаходжанні Я. Купалы ў нашым горадзе, на жаль, заканчваюцца. У сувязі з тым, што народны паэт Беларусі быў некалькі дзён у нашым горадзе, сустракаўся з многімі людзьмі, хацелася б, каб тыя, хто застаўся жывы, напісалі свае ўспаміны і тым самым дапоўнілі б чалавечы вобраз выдатнага сына беларускага народа. Што так неабходна для захавання высакароднай памяці прыхільнікаў таленту Янкі Купалы.
У гонар знаходжання паэта ў Лідзе яго імем названа толькі гарадская бібліятэка. На жаль, да гэтага часу няма памятнай дошкі аб яго выступленнях у клубах.
Знаходжанне вялікага песняра беларускага народа Янкі Купалы ў Лідзе – значная падзея ў гісторыі нашага горада. Варта было б падумаць аб тым, каб стагоддзе з дня нараджэння паэта мы сустрэлі ўшанаваннем і ўвекавечаннем тых месц, дзе гаварыў свае палымяныя словы класік нашай літаратуры, дзе так шчыра і цёпла сустракалі яго лідчане.


А. Свечкін,
настаўнік.

 

БО.png

     Свечкін, А. Незабыўныя старонкі / А. Свечкін // Уперад. – 1981. – 4 верасня.

© 2022 ДУК «Лідская раённая бібліятэчная імя Янкі Купалы»,
Design and development Darya Martsinkevich

© 2022 ДУК «Лідская раённая бібліятэчная імя Янкі Купалы»,
Design and development Darya Martsinkevich

bottom of page