top of page
глав-1.png

Яго імя носіць бібліятэка

Фактаграфічная база дадзеных
ЯК.png

Да 100-годдзя з дня нарадэння


З імем паэта

 

Неўзабаве пасля Перамогі над Германіяй, 5 жніўня 1945 года, Саўнарком БССР і ЦК КП(б)Б прынялі пастанову “Аб увекавечанні памяці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы”. У ліку іншых пунктаў быў і такі: “Прысвоіць імя Янкі Купалы гарадской бібіятэцы ў горадзе Ліда”. З гэтай нагоды ў верасні 1946 года ў Ліду прыязджала брыгада пісьменнікаў і навуковых супрацоўнікаў у складзе дырэктара музея Купалы Уладзіславы Францэўны Луцэвіч, пісьменнікаў Пятра Глебкі, Валянціна Таўлая і Уладзіміра Агіевіча, каб па даручэнню Саюза пісьменікаў і Акадэміі навук БССР прыняць удзел ва ўрачыстым акце прысваення гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы.
Госці з Мінска прывезлі і перадалі бібліятэцы падарункі ад літаратурнага музея. Да дня ўрачыстага акта ў чытальнай зале была арганізавана фотавыстаўка. Газета “Уперад” выпусціла літаратурную старонку “Янка Купала – вялікі змагар за ідэю ўз’яднання беларускага народа”.
17 верасня адбылася сустрэча мінчан з навучэнцамі і настаўнікамі педвучылішча. Прысутныя праслухалі даклад “Ідэя ўз’яднання народа ў беларускай паэзіі”. Сярод навучэнцаў было нямала пачынаючых паэтаў. Пятро Глебка зрабіў агляд вершаў будучых настаўнікаў, даў слушныя парады. У канцы сустрэчы П. Глебка і В. Таўлай чыталі навучэнцам і настаўнікам свае вершы. Прычытаў уласныя вершы і пачынаючы паэт Мікола Варонін.
Вечарам 17 верасня госці з Мінска адзінай былі запрошаны і прынялі ўдзел ва ўрачыстым пасяджэнні гарвыканкома сумесна з партыйнымі і грамадскімі арганізацыямі горада ў сувязі з сёмай гадавінай уз’яднання беларускага народа ў адзінай беларускай савецкай рэспубліцы.
Агульнагарадскі сход працоўных горада, прысвечаны прысваенню гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы, адбыўся вечарам 18 верасня. На сход з’явіліся рабочыя, служачыя, настаўнікі, навучэнцы і вучні старэйшых класаў школ горада. Многія на сход прыехалі з навакольных вёсак.
З дакладам “Янка Купала – народны паэт БССР” выступіў Уладзімір Агіевіч. Валянцін Таўлай прачытаў вершы, прысвечаныя памяці Янкі Купалы і дню 17 Верасня, а таксама пазнаёміў прысутных з удзелам Янкі Купалы ў барацьбе за ўз’яднанне нашага народа, ілюструючы цікавымі фактамі шырокую папулярнасць народнага паэта ў Заходняй Беларусі.
Пятро Глебка адзначыў вялікае прынцыповае значэнне высокаграмадзянскай паэзіі Янкі Купалы. Ён прачытаў вершы, прысвечаныя памяці Я. Купалы, і паэму на заходнебеларускія матывы “Пра вясну і рэвалюцыю”. Уладзіслава Францэўна падзялілася ўспамінамі пра “незабыўнага Янку”.
Ад імя калектыву работнікаў і чытачоў бібліятэкі выступіла яе загадчыца Таццяна Жыгланава. Падзякаваўшы за прысваенне ўстанове імя вялікага беларускага паэта і асветніка, яна запэўніла, што гэты высокі гонар будзе апраўданы практычнай працай па папулярызацыі неўміручых твораў Янкі Купалы, штодзённай барацьбой за далейшы культурны рост працоўных горада. 
Рашэннем гарвыканкома ў верасні 1946 года вуліца Шкляная перайменавана ў вуліцу імя Янкі Купалы. Яна прымыкае да ракі Лідзейкі.
У дзень пятай гадавіны з дня смерці Янкі Купалы адкрыўся ў бібліятэцы памятны пакой Купалы. Тут была наладжана вялікая выстаўка пра жыццё і творчасць народнага песняра, абсталяваны вітрыны з яго творамі, выстаўлены падарункі бібліятэцы ад музея Я.Купалы. На асобным стэндзе фатаздамкі і малюнкі даваеннай Ліды. Наведвальнікі з цікавасцю знаёміліся з альбомам “Янка Купала – наш дэпутат”, дзе былі сабраны фотаздымкі, газетныя выразкі, успаміны ўдзельнікаў сустрэчы з паэтам, малюнкі купалаўскіх мясцін у Лідзе, зробленыя рукой самадзейнага мастака, вядомага краязнаўцы і калекцыянера Аляксандра Каспяровіча.
Дзе ўсё гэта знаходзіцца зараз? Вядома, што мастак А.Каспяровіч выехаў у 1956 годзе ў Польшчу, а менавіта ён у 1947 годзе афармляў купалаўскі пакой. Ёсць чуткі, што купалаўскі альбом у 1964 годзе нібыта трапіў у рукі былога дырэктара краязнаўчага музея Іванова. Пошукі працягваюцца.
14 верасня 1950 года сяляне вёсак Дуброўня і Абманічы Дубровеньскага сельсавета на сваім агульным сходзе арганізавалі калгас. Малую гаспадарку назвалі імем свайго першага дэпутата Янкі Купалы. Купалаўскі калгас упэўнена, трывала станавіўся на ногі. Праіснаваў ён да ўзбуйнення, 16 мая 1952 года ўліўся ў калгас імя Мічурына. А шкада, што не захавалі першапачатковую назву гаспадаркі. Варта б аднавіць яе цяпер пры падрыхтоўцы да юбілею паэта.
У 1955 годзе ў Лідзе адчынілі новы тыпавы кінатэатр “Кастрычнік”. Будынак былога гарадскога кінатэатра рэканструявалі: на першым паверсе размясцілася гарадская дзіцячая бібліятэка і іншыя культурныя ўстановы, а ўвесь другі паверх быў адведзены для гарадской бібліятэкі імя Янкі Купалы.
Калі ўсё было гатова, загадчыца бібліятэкі Людміла Зялінская (цяпер загадчыца аддзела сацыяльнага забяспячэння гарвыканкома) запрасіла ў Ліду на ўваходзіны жонку паэта У.Ф.Луцэвіч. І вось 29 чэрвеня 1956 года ў гарадскім Доме культуры адбыўся літаратурны вечар, прысвечаны ўшанаванню памяці народнага паэта Беларусі, арганізаваны гарадской бібліятэкай. На вечары прысутнічалі беларускія паэты Міхась Калачынскі, Анатоль Астрэйка, Раман Сабаленка і жонка Янкі Купалы, дырэктар музея паэта Уладзіслава Францаўна Луцэвіч.
Цётка Ўладзя (так усе называлі У.Ф.Луцэвіч) падарыла гарадской бібліятэцы вялікі, пісаны маслам на палатне партрэт Янкі Купалы работы мастака В.Волкава, а таксама альбом “Беларускі народны арнамент”. На тытульным лісце альбома надпіс “Ад музея Янкі Купалы. У. Луцэвіч 29.VI.56г.”. Гэта кніга захоўваецца зараз у чытальнай зале бібліятэкі.
Пасля даклада аб жыцці і літаратурна-мастацкай дзейнасці Янкі Купалы прысутныя на вечары беларускія паэты прачыталі свае творы, прысвечаныя памяці народнага песняра. На вечары таксама выступіла з цікавымі прачулымі ўспамінамі пра паэта яго верная спадарожніца Уладзіслава Францаўна.
Непазнальна змянілася за апошнія гады Ліда. Пракладзены новыя вуліцы, скверы, узведзены прыгожыя шматпавярховыя гмахі, новыя заводы. Аднаўляецца старажытны замак. Рэканструіруецца вуліца, якая носіць імя Купалы.
З кожным годам расце кніжны фонд гарадской бібліятэкі імя Янкі Купалы. Калі ў 1944 годзе тут налічвалася ўсяго 635 кніг, а чытачоў 320, то ў 1981 годзе ў адной бібліятэцы імя Янкі Купалы іх больш як 60 тысяч экземпляраў, а чытачоў 5700. Усяго ў горадзе маецца 49 бібліятэк з кніжным фондам 403179 экземпляраў, а чытачоў у іх было 49987 чалавек. Вялікім попытам кнігі Янкі Купалы карыстаюцца ў моладзі. Лідчане з глыбокай пашанай захоўваюць памяць пра народнага песняра.
Імкліва набліжаецца 100-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы, сапраўды вялікай зоркі на парнаскім небе, сапраўды музамі адоранага песняра. Старанна рыхтуюцца да гэтага юбілею лідчане, у тым ліку і калектыў гарадской бібліятэкі імя Янкі Купалы, тут з густам аформлены цікавы стэнд пра жыццёвы і творчы шлях песняра народных дум, наладжана выстаўка яго твораў, выстаўлены іканаграфічны матэрыял пра паэта і яго творчасць. У клубе цікавых сустрэч, што працуе пры бібліятэцы, падрыхтавана цікавае мерапрыемства на тэму “Спявае звонка Купалаўская ліра”. Вялікая праграма намечана да купалаўскіх урачыстасцей, якія адбудуцца ў пачатку ліпеня.
Знаходжанне Янкі Купалы ў Лідзе – вялікая падзея ў гісторыі нашага горада. Сівыя муры 600-гадовага горада і яго жыхары назаўсёды захаваюць светлы вобраз дарагога паэта.
Цяпер у Лідзе захаваўся адзіны будынак, дзе ў сакавіку 1940 года выступаў Янка Купала. Гэта гарадскі Дом культуры. Варта было б да 100-гадовага юбілею паэта на сцяне гэтай установы прымацаваць мемарыяльную дошку з напамінкам, што тут 15 сакавіка 1940 года выступаў перад лідчанамі народны паэт БССР, першы пасланец працоўных Лідчыны ў Вярхоўны Савет БССР Янка Купала.


А. Рачыцкі,
настаўнік Дзітрыкаўскай СШ. 

БО.png

     Рачыцкі, А. З імем паэта / А.Рачыцкі // Уперад. – 1982. – 3 красавіка. 

© 2022 ДУК «Лідская раённая бібліятэчная імя Янкі Купалы»,
Design and development Darya Martsinkevich

© 2022 ДУК «Лідская раённая бібліятэчная імя Янкі Купалы»,
Design and development Darya Martsinkevich

bottom of page